Без рубрики

Дзяржынскі след у кніжным моры

Адрасы літаратурнай памяці  вядуць на Дзяржыншчыну
Уздзеншчыну называюць “салаўіным гняздом”, дзе, здаецца, узнёслыя радкі самі кладуцца на паперу. Знакамітыя Коласаўскія сцяжыны, ды і не толькі яны, вядуць да багатага скарбу мастацкага слова Стаўбцоўшчыны. А чаму суседняя з ёй Дзяржыншчына не на поўны голос гучыць суквеццем сваіх талентаў? Уславіць літаратурную спадчыну роднай зямлі – даўняя мара дырэктара Дзяржынскай раённай бібліятэкі Валянціны Клімовіч.

“Матэрыял па літаратурнаму краязнаўству збіраўся, напэўна, столькі часу, колькі існуе сама бібліятэка”, — заўважае Валянціна Віктараўна. Фонды папаўняліся з розных крыніц: выдавецтваў, дзе выходзілі ў свет чарговыя выданні; з перыядычнага друку, дзе з ‘яўляліся новыя звесткі; занатоўваліся ўспаміны відавочцаў.

Усё гэта ўносілася ў краязнаўчую карту, пульхнелі фактаграфічнай інфармацыяй папкі-дасье, заведзеныя на кожнага аўтара, а ў бібліяграфічных спісах заўсёды можна было знайсці спасылкі на тое, што пра яго пачытаць. Юбілейныя даты станавіліліся нагодай для правядзення творчых вечарын.
І настаў час, калі з аб’яднанага разам матэрыялу нарадзіўся творчы праект – “Дзяржыншчына літаратурная”, а дакладней, ён ператварыўся ў марафон аднайменнай тэматычнай выставы, творчых сустрэч, прэзентацый. Выставала падарожнічала па бібліятэках, установах адукацыі, прадпрыемствах, арганізацыях, вайсковых часцях Дзяржынскага раёна на працягу ўсяго Года кнігі, прывабліваючы да сябе шматлікіх чытачоў.
“Радзімаму краю служыць”
“ Падчас такіх сустрэч цікавіліся, каго з паэтаў, пісьменнікаў – нашых землякоў – ведаюць дзяржынцы, — расказвае Валянціна Клімовіч. – Гучалі шырока вядомыя імёны Станіслава Шушкевіча, Міколы Ермаловіча, Каруся Каганца, Артура Вольскага. Хацелася, каб гэты пералік быў больш значным. Напрыклад, толькі гучных імёнаў літаратараў – ураджэнцаў Дзяржыншчыны налічваецца каля трыццаці. Адметны ўклад ў нашу літаратурную спадчыну ўнеслі М. Улашчык, Алесь Рыбак, Лукаш Калюга, І. Калеснік, А. Сабалеўскі, В. Івашын, А. Салавей ”.
Папулярызацыя творчасці славутых землякоў стала адной з нагод арганізацыі такога праекта. Аднак задумка мясцовых бібліятэкараў насіла больш маштабны характар. У тутэйшых мясцінах пэўны час жылі Адольф Янушкевіч, Вячаслаў Адамчык, Віталь Вольскі, або, як напрыклад, Кандрат Крапіва, вучыліся знакамітыя творцы. Іншыя тут апынуліся праездам. Словам, Койданава — Дзяржынск — гэта своеасаблівае скрыжаванне шляхоў і лёсаў. Уражанні, выкладзеныя ў паэзіі і прозе, сталі літаратурным здабыткам, змястоўнай і пазнавальнай крыніцай ведаў для сучаснікаў. Часам творы прывабліваюць не толькі высокім мастацкім узроўнем, але і наяўнасцю фактычнага матэрыялу, які распавядае пра гісторыю, побыт, сацыяльныя і культурныя з’явы, што адбываліся ў розныя гады на тутэйшай зямлі.
Менавіта такім дарагім для дзяржынцаў імем стаў Карусь Каганец. Пражываючы пэўны час ва ўрочышчы Лісія Норы ў Прымагіллі (побач з цяперашняй вёскай Юцкі), ён, як самабытны празаік, пакінуў цікавыя апісанні блізкіх сэрцу мясцін: “Бач! Уніз аж да рэчкі гара зараснікам пакрыта, уся арэшнікам, чаромхай, каліннікам ды маліннікам зарасла. А чаромха то цвіце, няйначай хто пухам лебядзіным укрыў, і пах за вёрсты ветрам нясе. А рэчка сама – моў стужка блакітная, між верб ды альшын ветрам раскінутая. А за рэчкай лука аж зіхаціць кветкамі. А далей за лукой поле зелянее. А вакол усяго цёмны лес сінее. Глянь улева – панскі двор бялее, і таполі тырчаць, мо на старожы стаяць; а ўправа сяло ціха лягло, поўз раку па беразе. У сады прыбрана яно, а ў сяле хопцы як дубкі, а дзяўчаты – як ягадкі. Пазіраеш на ўсё гэта, і штось за сэрца шчэміць, і грудзі шырака раздымае, і ляцеў бы, здаецца, над палямі, над лугамі, па-над лесам сінім…”
Карусь Каганец такім чынам апісвае няйначай як гару, з якой адкрываюцца далягляды на вёску Навасады, куды неаднойчы шпарка бег да сваёй любай Ганусі (Ганны Пракаповіч), якая ў далейшым стала яго жонкай. Відаць, у мясцовых гутарках ён і пачуў легенду пра Навасадскае замчышча. Ад яе, занатаванай з вялікай экспрэссіяй, вее таямнічасцю кручастага лёсу княжны, становіцца зразумелай тапаніміка навакольных паселішчаў. Тое месца, што вораг разам з княжной знішчыў, людзі назвалі Рэзаны, на новым – сады пасадзілі. Яно і зараз Навасадамі завецца.
Краязнаўчая тэматыка яскрава праяўляецца на старонках выданняў У. Сыракомлі “Вандроўка па маіх былых ваколіцах”, М. Улашчыка “Была такая вёска”, А. Валахановіча “З верай у душы”, “Графы фон Гутэн Чапскія на Беларусі”, Змітрака Бядулі “З краязнаўчага блакноту пісьменніка: Лірыка мястэчка Койданава”.
Што за снягамі белымі?
Станцыю Негарэлае, здаецца, на ўсе часы праславіў Уладзімір Маякоўскі, напісаўшы у 1928 годзе ў вершы “Яны і мы”: “На горизонте – белое Снега и Негорелое”. Гэту класічную фразу ведае, бадай, кожны школьнік.
Валянціна Клімовіч і яе калегі лічаць, што не варта хаваць у аналах гісторыі і іншыя, не менш знакавыя факты і падзеі таго часу. Негарэлае – гэта больш чым станцыя, з ёю, па вялікаму рахунку, звязана пэўная літаратурная з’ява, прычым сусветнага маштабу. У праекце “Дзяржыншчына літаратурная” бібліятэкары далі гэтаму напрамку грунтоўнае тлумачэнне.
Сучасніку здаецца дзіўным, што ў 20-30-ыя гады Негарэлае было занесена на ўсе геаграфічныя карты свету. Адсюль ішлі шляхі падарожнікаў у Заходнюю Еўропу і Амерыку. З гэтай, цяпер звычайнай станцыі беларускай чыгункі, бралі пачатак кур’ерскія транскантынентальныя цягнікі “Негарэлае – Уладзівасток”. Тут праходзіў міжнародны экспрэс “ Маньчжурыя – Стоўбцы”. Негарэлае было канчатковым пунктам заходнееўрапейскага маршруту “Парыж – Негарэлае”. Вядомая чэшская пісьменніца Марыя Пуйманава пасля наведвання СССР напісала серыю рэпартажаў “Погляд на новую зямлю”. Вось як апісвала яна гэты куток Дзяржынскай зямлі: “ У СССР уязджаеш урачыста, як у першамайскае свята. (Мяжа тут самая сапраўдная, яе можна бачыць – менавіта так уяўляеш яе ў дзяцінстве). Станцыя Негарэлае акружана бярозавым ляском, мацеркай усіх бярозавых гаёў, якія безліч будуць паўтарацца ўздоўж чыгункі, вакол узнікаючых сацгарадоў і заводаў. Пасярод гаю, у таможні, падобнай на выставачны павільён, ветлівыя і віртлявыя маладыя людзі з брытымі галовамі і ў гімнасцёрках праглядваюць чамаданы пад наглядам жанчыны – першай з арміі працоўных жанчын.”
Зафіксавана нямала фактаў наведання Негарэлага знакамітасцямі. Гэта была не проста станцыя, а мяжа паміж двума светамі: сацыялістычным і капіталістычным. Раўнадушна перасекчы не толькі геаграфічную рысу, а і апынуцца паміж двума ладамі жыцця было проста немагчыма. Пры наведванні Савецкага Саюза ў 1928-м годзе аўстрыйскі пісьменнік Стэфан Цвейг у кнізе “Учарашні свет” адзначаў: “ Руская зямля пачынаецца ў Негарэлым. Мы пад’ехалі вельмі позна, ужо ў цемры, так што нам не ўдалося ўбачыць знакаміты чырвоны вакзал з надпісам: “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!”
На станцы Негарэлае неаднойчы спыняўся цягнік з замежнымі літаратарамі. У ім былі вядомыя французскія пісьменнікі і грамадскія дзеячы Анры Барбюс, Рамэн Ралан, чэшскі пісьменнік, журналіст і грамадскі дзеяч Юліус Фучык. Імёны расійскіх пісьменнікаў Аляксея Талстога, Аляксандра Фадзеева, Усевалада Вішнеўскага, Агніі Барто таксама ўвайшлі ў гісторыю пачэсных наведвальнікаў Негарэлага.
Вядомы пралетарскі пісьменнік Максім Горкі чатыры разы сустракаўся з працоўнымі Негарэлага, што ў 1968-м годзе засведчыла мемарыяльная дошка, размешчаная на будынку станцыі. На ўрачыстасцях ў час яе ўстаноўкі прысутнічала цэлая кагорта беларусскіх пісьменнікаў: Максім Танк, Янка Брыль, Піліп Пястрак, Васіль Вітка, Пімен Панчанка, Янка Скрыган, Іван Шамякін.
Найбольш поўна атрымаць інфармацыю аб ролі Негарэлага ў мастацкай літаратуры можна ў серыі рэкамендацыйных бібліяграфічных дапаможнікаў, створаных у Дзяржынскай ЦРБ пад назвай “На скрыжаванні шляхоў і лёсаў”.
“Краязнаўчая скарбонка”
Ад аўтара да аўтара, ад твора да твора ўзмацняўся інтарэс дзяржынскіх даследвальнікаў да пошуку новых унікальных фактаў так званага “дзяржынскага следу” у вялікім кніжным моры. У сваю “Краязнаўчую скарбонку” яны змясцілі, напрыклад, такі эпізод. У кнізе Валянціна Пікуля “Рэквіем каравану PQ -17” падрабязна расказваецца пра эсмінец “Гремящий”, камандаваў якім Герой Савецкага Саюза Іван Гурын. Так праз мастацкае слова аўтар уславіў подзвіг нашага земляка.
А ў героях кніг Юрыя Брайдэра многія дзяржынцы прызналі сябе. Падмячаючы рысы характару землякоў, пісьменнік-фантаст даў ім доўгае жыццё на старонках сваіх выданняў.
Такія ж, “свае”, для дзяржынцаў і творы І. Стаднюка “Чалавек не здаецца”, А. Глобуса “Койданава”, “Крутагорскія казкі”, Змітрака Астапенкі “Ноч на станцыі Негарэлае”, Анатоля Вялюгіна “Арка ў Негарэлым”, Францішака Аляхновіча “У капцюрох ГПУ”, Ніны Берберавай “Жалезная жанчына”, А. Рыбакова “Дзеці Арбата. Кніга 2. Страх”, Франца Карла Вайскопфа “Скачок у ХХI стагоддзе”.
Важкім дапаўненнем да выставы “Дзяржыншчына літаратурная” стаў раздзел “Іх імёнамі названы вуліцы Дзяржынска”. “Жыхары прызвычаіліся да назваў старэйшых вуліц горада – Лермантава, Пушкіна, Тургенева, — заўважае Валянціна Клімовіч. – Знаёмячы землякоў са сваёй выставай, мы прымусілі іх глыбей удумацца ў значнасць гэтых імёнаў, хто-ніхто натхніўся звярнуцца да іх творчасці. Значыць, закранулі нашы словы глыбіні чалавечай душы. Культурныя людзі, да якіх мы, беларусы, сябе адносім, павінны ведаць сусветную класіку”, — пераканана Валянціна Віктараўна.
А вось экспанаты яшчэ з аднаго раздзела выставы можна было патрымаць у руках, гартаючы старонкі, натрапіць на шчырыя словы пажаданняў. “Кніга-аўтограф” – так вызначылі бібліятэкары каштоўнасць выданняў, на якіх сваю павагу дзяржынцам засведчылі іх аўтары, што калісьці наведвалі раённую бібліятэку або яе сельскія філіялы. За гады сабралася больш за трыццаць такіх імянных падарункаў. Адну з апошніх кніг з асабістым подпісам перадаў бібліятэцы ў дар знакаміты беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі, калі сустракаўся з чытачамі Чаркасскай сельскай бібліятэкі.
“Выток” — у спадчыну нашчадкам
Нарэшце, “Дзяржыншчыну літаратурную” нельга ўявіць без сучаснай творчай плыні. “Выток” – так называецца клуб аматараў мастацкага слова, які бруіць сваімі новымі здабыткамі ў Дзяржынскай раённай бібліятэцы. У склад клуба ўваходзяць людзі розных узростаў, прафесій, і ў творчасці кожнага з іх – адметныя стыль і почырк. Пошук уласнага аўтарскага імя, удасканаленне паэтычных радкоў, стварэнне новых вобразаў – усё гэта складаемые творчай лабараторыі дзяржынскіх паэтаў і празаікаў, якія імкнуцца да вяршынь літаратурнага Алімпа.
А калі праходзіць прэзентацыя выдадзеных кніг, яна становіцца гучнай падзеяй у жыцці ўсёй мясцовай культурнай грамадскасці. Нядаўна ў цэнтры ўвагі былі Рэгіна Рэўтовіч і Уладзімір Шымановіч, якія прапанавалі на суд чытачоў паэтычныя зборнікі “У абдымках лёсу” і “Память”. Добрыя ўражанні пакінулі і творчыя вечарыны Святланы Яфрэмавай, Любові Куртавай, Алены Севярухінай (Север). “Далучэнне новых аўтараў, наладжванне творчых сувязей, выданне зборнікаў – усё гэта ўмацоўвае наш “Выток”, – расказвае кіраўнік клуба, бібліятэкар Дзяржынскай ЦРБ Ірына Міхалёва. – Дае новы імпульс для творчага росту і натхнення”. Летась вынікам калектыўнай творчасці стаў выдадзены раённай бібліятэкай да юбілею Я. Купалы і Я. Коласа зборнік “Нас творчасць класікаў натхняе”. Так памнажаецца багатая літаратурная спадчына Дзяржыншчыны.

Дзякуючы апантаным сваёй справай людзям, якімі з’яўляюцца Валянціна Клімовіч і яе паплечнікі, ажываюць старонкі кніг, напісаныя аўтарамі ў розныя часы. Яны – нас вучаць мудрасці кніжнай, павазе да працы літаратара. Як вядома, усё праходзіць, а напісанае – застаецца. Яно, нібы мост паміж мінулым і будучым.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.