Сцэнарый для батлейкі. «Рыпучае дрэва»
Дзеючыя асобы
Казачнік,
Палясоўшчык Янка Жывіца, Сабачка,
Лясун, Конь,
Баба Ёўга, Елка,
Заяц Доўгія ногі, Здань,
Рыпучае дрэва, Голас Лесу,
Хлопчык,
Мураш, Лісяня, Вожык, Дзядзька Мядзведзь, птушкі
Дэкарацыя: карціна лесу. Яна можа мяняцца ў розных дзеях. Ступа Бабы Ёўгі. Сухое разгатае дрэва.
Гучыць лагодная музыка. Лятаюць у верхнім ярусе птушкі, чутны птушыныя галасы.
Казачнік: Было гэта даўным-даўно. А можа, і зараз дзе такое дзеецца? Лес жа ёсць? Ёсць. Палясоўшчык лес сцеражэ? Сцеражэ. А вось дрэвы чаму рыпяць, не ўсе ведаюць. Зараз пра гэта мы вам і раскажам.
З’яўляюцца Палясоўшчык Янка з Сабачкам. Янка аглядае лес. (Музыка цішэе, але чутна). Сабачка радасна скача каля Янкі.
Казачнік: Род Янкі Жывіцы гэтак жа моцна стаяў на зямлі, як дрэва, што пусціла глыбокія карані. Да шумлівага спагадлівага лесу душой прыкіпелі прашчуры яшчэ з сівой даўніны, калі пушчы першабытна-свабодныя падпіралі нябёсы вастраверхімі вершалінамі. А дзівоснага звяр’я ды птахаў усялякіх у былінных лясных нетрах вадзілася незлічона. Так спрадвеку павялося: стройны парадак у лесе трымаўся на зацятых абярэжніках Жывіцах, шчыравалі яны там з любоўю, з пяшчотай. Нездарма нораўны дзед Лясун, той, што ў сярэдзіне недаступнай пушчы на бярозе-векавусе знайшаў сабе прытулак, не цураўся сяброўства з палясоўшчыкамі. Бывала, здароўкаюцца –сам першы падасць руку. Няпроста было ў гэткага шаноўнага старца заваяваць прыхільнасць, каб прызнаў за свайго. І Баба Ёўга, хуткая да сваркі старая, цішэла, калі хто з палясоўшчыкаў надараўся мімаходзь.
Каб каторы з Жывіцаў-старажылаў пачуў: маўляў, запавет “не нашкодзь” не для іх, палясоўшчыкаў, а для іншых больш важны, дальбог, спрачаўся б да апошняга глытка настоенага на смалістым водары паветра. Шчодры Пан Лес чалавеку самаахвярна аддаваў свае багатыя дары, але і на адвечную мудрасць прасіў не забывацца:
Голас Лесу: Ва ўсім спрыяю кожнаму, хто ідзе да мяне з дабром.Ні на адну са сваіх кладовак замок не навесіў. Але ж і госць меру павінен ведаць. Ашчадна спажываць тое, у чым мае патрэбу, каб не нашкодзіць нават самай дробнай істоце.
Казачнік: І служылі Жывіцы вячыстаму бацьку-Лесу па такіх вось няпісаных законах. Лес для іх быў Храмам— светлым, чыстым, вечным. У дзівосным Храме, адкрытым для кожнага, панавала гармонія няўрымслівага жыцця. Мо, таму і славіўся слынны род Жывіцаў зайздросным даўгалеццем. Мужыкі –усе крэпкія, плячыстыя, што тыя дубы. І ў сто гадоў ніякая сіла не магла іх здужаць. Душа Янкі Жывіцы, як і яго продкаў, жыла ў лесе і жыла лесам.
Янка, зачараваны лесам, разважліва гаворыць лесу і Сабачку: (мацнеюць птушыныя галасы) Прыгажосць якая навокал! Як лёгка дыхаецца! Каб хто сказаў бяры паўнюткі мех золата, толькі кінь свой лес— біўся б за такую абразу, да апошняй кроплі крыві стаяў бы за сваё. Што той бліскучы халодны метал у параўнанні з гэтымі дарагімі сэрцу несканчонымі амшарамі?! Такое багацце ні за якія грошы не купіш, яно не прадаецца. Як ацаніць кошт райскага світанку ў лесе? ? А хіба сунічна-чабаровыя пахі саступяць самым вытанчаным парфумам? Ці па якой цане прадаць білеты на адмысловы канцэрт галасістых лясных артыстаў?..
Птушыныя галасы змаўкаюць. З’яўляецца Лясун.
Лясун: Здароў, Янка! ( Лясун працягвае Янку руку). Як справы, што новага ў лесе?
Янка: Прывітанне, Лясун! (Янка працягвае руку). Клопатаў хапае. Кожны з лясных жыхароў за сваё рупіцца. А табе, лясному старажылу, пра навіны, відаць, лепш ведаць.
Лясун: Праўда твая , Янка. Сэрца маё трывожыцца. Насцярожыўся наш лес, трывожна яму. Панадзіліся ліхія людзі хадзіць у яго са злым намерам. Вядзе іх туды неадольная спакуса: то ўпотай стрэліць у безабароннага звера, то цішком ссякчы векавое дрэва, то дроў вазок прыхапіць.
Янка: І я твой непакой раздзяляю. Чужыя сляды ўсё часцей бачу на запаветных лясных сцяжынах.
Лясун: Трэба нейкую раду наўмыснікам даваць.
Янка: Будзе той пакаранне мець нечуванае, хто руку падыме на даверлівы Лес-дабрадзей. У крыўду яго нікому не дадзім!
Лясун: Слушна кажаш, браце! За лес – мы пастаім!
Разыходзяцца ў розныя бакі.
Дзея другая
Янка выязджае на кані. Сабачка бяжыць побач. Янка едзе на Кані, заклапочана аглядаецца па баках. Раздаецца стрэл. Янка спыніўся, насцярожыўся.
Янка з хваляваннем: Што за стрэл? З гаёчку ён мне падаўся. Чуе маё сэрца: бяда нейкая ў лес прыйшла.
Раптам бачыць Янка— стралой імчыць яму наперарэз Заяц.
Янка разважае: так шэрага толькі вялікі страх можа гнаць. Што за вестку нясе ганец? Можа ён пра стрэл што ведае?
Натапырыў вушы і Конь Дабрак.
Спалоханы Заяц спыніўся, аддыхацца не можа, нешта языком пляце, а слоў не разбярэш.
Янка просіць: Цішэй ты, Доўгія ногі! Гавары зразумелае хутчэй!
Нарэшце дайшло да Янкі.
Заяц: Горачка нечуванае ў нас! (гаворыць, а сам дрыжыць.) Красулю, ласіху нашу, забілі! Лясун ведае, што ногі ў мяне шпаркія, вось і выправіў да цябе —хутчэй пра бяду расказаць…
Не прыйшлося Янку панукаць каня. Конь скача пад словы казачніка.
Казачнік: Конь Дабрак з Ласіхай Красуляй меў даўняе знаёмства. Бывала, выйдзе яна з гушчара на ўскраек свайго гаёчку , каб паласавацца сакавітай зялянінай, — статная, грацыёзная. Здалёк убачыць яе Дабрак, залюбуецца. Чаканым, найсветлым гэта імгненне было. Здавалася яму, што ў вялікіх цёмна-карых вачах Красулі адлюстроўваецца ўсё шматколернае лясное хараство.Чаравалі яны яго, прыцягвалі. Насіў ён у сабе нявыказаную пяшчоту.
Конь: У лесе казалі: Красуля рыхтуецца стаць маці. Няўжо і малое – на згубу? Няўжо такім бязлітасцівым можа быць чалавекам? Ды і ці назавеш яго пасля такой здрады — чалавекам?
Янка, Сабачка і Конь знікаюць.
Дзея трэцяя
Лясная палянка. У зборы лясныя жыхары – вавёрка, лісяня, вожык, мураш, Мядзведзь. З імі — Лясун , Баба Ёўга. У разгубленасці яны акружылі палянку. Гучыць страшны шум лесу. Шум лесу змяншаецца.
Казачнік: У лесе павісла такое напружанне, быццам увесь улюбёны ласіхай пявучы гаёк ад злавеснага стрэлу анямеў. Жудасны боль працяў кожнае дрэўца. Дрыжэў кожны лісток, што чуў апошні развітальны крык ласіхі. Ён вырваўся з глыбіні яе нявіннай душы, ледзь чутна прабіваўся і адтуль, з-пад сэрца, дзе, згасаючы, трапятала яшчэ адно загубленае жыццё… Звяроў і птушак ашаломіла нечуваная жорсткасць.
Шум лесу сціхае. Лісяня, Вожык, Мураш усхліпваюць
Дзядька Мядзведзь: Стрыманы я, здаецца, усё жыццё быў, а тут не магу—слёзы душу вярэдзяць. (Выцірае слёзы)
На палянцы з’яўляюцца Янка, Сабачка, Конь.
Убачыўшы Янку, насустрач яму, абапіраючыся на кіёк, патупаў Лясун. На яго белым, нібы бяроста, твары з вялікімі, свінцова-сіняга колеру неміргаючымі вачыма ляжала пячатка непрытоенай тугі.
Лясун (яму хочацца выгаварыцца): Гэта ж я спракудзіў. Бяда, што змяя, паміж ног маіх у гаёк праслізнула. Абшустрыў нас з табою, Янка, ганебны здраднік, вакол пальца абвёў. Падпільнаваў, калі ты з гаю адлучышся.Як толькі злаўчыўся, нелюдзь, і ад мяне засцярогся. Я чалавека згледжу, калі той толькі меціць у лес ісці. Нутро яго наскрозь бачу на вялікай адлегласці. Шчырага – не пакрыўджу, наадварот, у самыя лепшыя ягадна-грыбныя мясціны завяду. Камарам крыважэрным, мыцкам куслівым строгі наказ дам: і блізка не сунуцца.
А злыдня не прапушчу. Са шляху яго саб’ю, па самых непралазных гушчарах, смярдзючых патапечах накручу так, што выбрацца з іх і надзею гаротнік страціць. Злавесны страх, старанны мой у гэтай справе памочнік, вытрасе з небаракі ўсё кепскае, што ў яго нутро тупой стрэмкай упілося. Знясілены пакутнік, вызвалены з жахлівага палону, стрымгалоў кінецца наўцёкі і ад злых думак, і ад месца, дзе іх смакаваў. А я ўслед рагачу, цешуся: вось табе воўчых ягад – на пачастунак! Вось табе мая навука– на доўгую памяць!
Лясун цяжка ўздыхнуў, змоўк. Адчувалася — трывожыць штосьці занадта асабістае.
Лясун: Зведаў злыдзень маё слабое месца. На ўзлеску перапрануў аддзенне навыварат. І ўсё – сіле маёй цудадзейнай прыйшоў канец. А каб быць яшчэ больш упэўненым, што яму ніхто не перашкодзіць, паклаў на старым пні ліпавае палена. Гэта і зусім мяне звяло. Таму і не змог абараніць нашу Красульку…
Янка: Усім нам баліць. Але слёзы гору –малая падмога. Не губляйма часу. Лепей падумаем, як адшукаць злачынцу.
Заяц: (што Янку ў дарозе стрэў, першым уперад падаўся). Вельмі хацелася паказаць усяму лесу сваю храбрасць. Я буду як сапраўдны дэтыктыў раследванне весці.
Вавёрачка: Я па вершалінках паскачу, пацікую!
Вожык: А ў мяне калючкі навошта? Каб злыдня таго балюча ўкалоць.
Мураш: Нас, браткоў-мурашоў, многа. Мы ўланцужок станем— імгненна абвест дадзім!
Шпарчэйшай за іншых Баба Ёўга аказалася. Буркнула сабе пад нос:
Баба Ёўга: Пакуль вы там— сама разбяруся! Дарэмна старой чапялой мяне дражняць.
Адкуль той спрыт узяўся? Быццам маладуха, скокнула ў ступу, памялом махнула – толькі яе і бачылі. Баба Ёўга аблятае лес у другім ярусе. Хвілін колькі прайшло, на пасадку пікіруе. Усе з нецярпеннем чакаюць: недарэмна старая лятала, пэўна, згледзела-такі тое, што зараз асабліва важна.
Баба Ёўга ступу кінула, кумільгом да Янкі пашыбавала.
Баба Ёўга: Клубком скруціўся, сцішыўся злыдзень пад самай разлапістай Елкай, што ў Воўчым лозе. Спадзяецца там перачакаць вэрхал у лесе. Думае— цёмнае покрыва глухой ночы схавае яго крывавае злачынства.Торба пузатая, як падняць, побач прытулілася.Але ж не радуе здрадніка яго здабыча.
Дзядзька Мядзведзь: Дзякуй табе, Баба Ёўга за важную навіну. Ты заўсёды добрай кабетай была.
Баба Ёўга засаромелася:
Баба Ёўга: Ці варта мяне хваліць? Так бы кожны зрабіў. А калі па шчырасці, дык гэта ступы маёй заслуга. Яна ў мяне – рэактыўная. Калі Янка не супраць, кожны дзень буду з вышыні за лесам наглядаць. Ад мяне ліха драпежнае ні ў якую нару не схаваецца. Трасца яго бяры! А цяпер, Яначка, паляту. Дамоў хутчэй трэба. У печы не паліла.
Янка дапамог Бабе Ёўге сесці ў ступу і тая паляцела. Праляцела і ў другім ярусе.
Янка ўнёс прапанаву.
Янка: Збярэмся ля Воўчага логу. Калі паспяшаемся, яшчэ да прыцемкаў туды дабяромся. Не дадзім злыдню выбрацца з ”калючай”пасткі. Пра яе ён не ведаў, а прыйшлося – папаўся.
Дзея чацвёртая
Ля той самай Елкі, пра якую казала Баба Ёўга, сабралася лясная грамада. Тут Янка, Конь, Лясун.
Елка: Усяго на вяку пабачыла, але ніколі не даводзілася быць прытулкам для ворага. Сэрца маё забалела. Здаецца, на маіх зялёных лапах дзе-нідзе ў хваінках з’явілася дачасная сівізна.
Янка: Выпаўзай, паганец! Ведаем, тут ты! Сядзіш здранцвелы, ад страху розум губляеш. Ганьба – усё, чаго цяперты варты. З-захцівасці сваёй славу дурную набыў. Да-а-лёка Мурашы яе разнеслі…
Выкараскалася з-пад Елкі нешта: ці то чалавек, ці то здань якая. Гучаць страшныя гукі.
Усчаўся на тым месцы, дзе ўзнікла ачмурэлая істота, такі крык ды лямант! Адкуль ні вазьміся— шалёны вецер наляцеў ды як дзьмухнуў. Аж, бач, абрысы дрэва з’явіліся. І вось ўжо яно проста перад вачыма стаўбуном стала— высокае, варожа-разгатае. Толькі сухое яно, пустое. Галлё на ім кіпцюрастае— так і меціць у ахвяру ўчапіцца. Кара парэпаная, і нарост таўшчэзны вытыркаецца. Вельмі падобны ён да той торбы, што валок за спіной небарака. Зарыпела дрэва, ды так жаласна, працяжна…Вусцішна стала.
Усе разыйшліся па баках і анямелыя пазіраюць за дзеяннем. Дрэва гайдаецца, чутна, як скрыгоча.
Казачнік: З тае пары лёс у адшчапенца зусім незайздросны, няўцешны лёс. Ні адна птушка на яго не садзіцца, ні адна казурка да яго не падпаўзае. Палёгкі, літасці просіць дрэва, ды не мае. Спарахнець, рассыпацца марыць, а не можа. Варта ветрыку ледзьве калыхнуць, і здрыганецца сухастоіна, заскуголіць. Няма ёй ні спакою, ні спачыну. Хто яе жудасны стогн пачуе, ляціць з усіх ног, не азірнецца.
Дзея пятая
(Карцінка вясёлага лесу)
На лясной палянцы радуюцца адзін аднаму – Янка дурэе са сваім хлопчыкам, скача Сабачка, Баба Ёўга з Лясуном пад ручку ходзяць, Заяц на варце стаіць. Конь – задуменны. Гучыць лагодная музыка. Чутны і спевы птушак.
Казачнік: Затое ў лясным царстве – парадак і згода. Для Бабы Ёўгі новую хату пабудавалі. Цяпер яна не на курынай— на жалезнай назе стаіць. Лясун да Ёўгі перабраўся. Яна яго ахвотна прыняла. Удваіх і лес ахоўваць зручней, і жыць весялей. Заяц Доўгія Ногі каля іх пасяліўся, на службу памочнікам уладкаваўся, сваю пашану мае. Дабраку майстар зрабіў адмысловую вупраж. Зграбны ён, удалы. Загарцуе – вачэй не адвесці. Але ніхто не ведае, што душу яго вярэдзіць. Колішняя Красулькава рана баліць, не зажывае… Янка ажаніўся. Сынок падрастае. Дужа хлапчаня лес любіць.
Янка сыну: Расці сынок, і лес, усё жывое ў ім беражы. Лепшага і вернага сябра нам не знайсці.
Казачнік: Вось такую казку мы вам расказалі. Верыць ёй ці не – як павядзецца. Але ж лес ёсць? Ёсць! Палясоўшчык лес сцеражэ? Сцеражэ! І вы да лесу добрую прыхільнасць маеце. Гэта – абсалютная праўда!
Аўтар: Алена Стэльмах
Один комментарий
Аркадзь Жураўлёў
Добра пададзена. Мне падабаецца.