Сімпозіум літаратараў – імідж краіны
Адна з галоўных падзей Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу – правядзенне Міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час”. Сёлета беларуская сталіца будзе прымаць сімпозіум у шосты раз. Яго ўдзельнікамі стануць прадстаўнікі 25 краін свету. Яны будуць гаварыць пра літаратуру як пра частку сусветнага культурнага дыялогу.
Сімпозіум традыцыйна праходзіць пры непасрэдным удзеле Саюза пісьменнікаў Беларусі. Інтэрв’ю ЛіМ з пісьменніцай, першым намеснікам старшыні СПБ Аленай Стэльмах пра тое, як літаратура дапамагае народам лепш спазнаваць адзін аднаго і як сімпозіум спрыяе маштабнаму міжнацыянальнаму дыялогу літаратараў.
— Алена Анатольеўна, у чым адрозненне сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час» ад аднайменнага круглага стала падчас Дня беларускага пісьменства, з якога ён, у прыватнасці, і вырас?
— Як вядома, Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш распачынае сезон кніжных выставак на міжнароднай прасторы. Можна сказаць, што з гэтай падзеі стартуе год, напоўнены змястоўным кніжным жыццём у розных краінах свету. І тут, у Мінску, робіцца пэўны агляд мажлівых сіл кніжнікаў, асэнсоўваюцца тэндэнцыі далейшага развіцця галіны.
У гэтым працэсе вельмі важная прысутнасць пісьменніцкай супольнасці. Як бы банальна гэта ні гучала, але кніга пачынаецца з аўтара, з яго светаўспрымання, светаадчування. Таму праект «Пісьменнік і час» — гэта не проста чарговая сустрэча калег па творчым цэху. Гэта найперш удумлівы аналіз стану грамадства ўвогуле, яго зменлівых каштоўнасцей, ролі пісьменніка як асобы, здольнай сілай мастацкага слова ўплываць на фарміраванне грамадскай думкі, яго ўмення расстаўляць акцэнты ў адвечным проціборстве дабра і зла. Гэта жаданне кожнага ўдзельніка, нягледзячы на тое, якую краіну прадстаўляе, выказаць сваю пазіцыю ў адносінах агульначалавечых праблем, хваляванне аб тым, як змяніць свет, поўны пагроз і супярэчнасцей, да лепшага. Гэта і не толькі яны адлюстроўваюць у кнігах. Але пісьменніку важна быць пачутым і ў адносінах сваёй грамадзянскай пазіцыі. А на такой прэстыжнай пляцоўцы пісьменніцкае шматгалоссе гучыць вельмі прадстаўніча.
Пасля будуць іншыя шматлікія падзеі, сустрэчы. І Дзень беларускага пісьменства зноў збярэ за круглым сталом міжнародную пісьменніцкую грамаду. Але там ужо будзе дыялог больш пра надзённае: выданне новых кніг, перакладчыцкая дзейнасць, сумесныя творчыя праекты.
— Сімпозіум адбудзецца ўжо шосты раз. А чым быў адметны першы?
— Ён сабраў літаратараў з 16 краін і прайшоў падчас сустрэчы лідараў некалькіх дзяржаў, якія вызначалі шляхі спынення канфлікту ва Украіне. Прычым пляцоўкі, дзе адбываліся абедзьве падзеі, аказаліся побач: выставачны комплекс на праспекце Пераможцаў і Палац Незалежнасці. Дыпламатыя палітыкаў і дыпламатыя слова — вельмі сімвалічна спалучыліся гэтыя вагавыя сілы ўплыву на найважнейшую праблему суседняй Украіны. Запомніліся словы, сказаныя «Мінулае лагодней падпускае пісьменніка да сябе, чым будучыня» на сімпозіуме на той час памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Радзьковым: у сучаснай літаратуры адлюстроўваецца непакой за мір і адказнасць за яго. Тагачасны міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч прапанавала такія сімпозіумы зрабіць пастаяннымі. Дарэчы, падтрымаў яе і дырэктар дэпартамента Дзяржкамтэлерадыё Украіны Аляксей Кананенка, назваўшы беларусаў мудрымі людзьмі, якія здольны разумна развесці бакі канфлікту.
З таго часу кожны чарговы сімпозіум — гэта не толькі прыкметная літаратурная з’ява для яго ўдзельнікаў — гэта і падзея грамадска-палітычнага кшталту. Важнасць служэння міру пяром — лейтматыў праграмы сімпозіума. І сёлета, безумоўна, гаворка пойдзе пра святкаванне 75-годдзя Перамогі. Ролю гэтай падзеі апошнім часам імкнуцца прынізіць, а то і наогул перайначыць сутнасць Вялікай Айчыннай вайны. Для пісьменніка важней за ўсё праўда, ён і цяпер на перадавой за гістарычную справядлівасць.
— Як бы вы ахарактарызавалі сучасны літаратурны працэс? Гэта не можа абмінуць сімпозіум…
— Сімпозіум нездарма названы «Пісьменнік і час». Бярэцца пад увагу менавіта час, сучасны дзень. Для сусветнай літаратуры на цяперашнім этапе характэрны зварот да гістарычнай тэматыкі. Асабліва гэта датычыць краін былога Савецкага Саюза, калі многае было засакрэчаным, але цяпер выклікае жывы інтарэс. Гэта, напрыклад, нядаўна пацвердзіў і мой сябар пісьменнік з Казахстана Баянгалі Алімжанаў, калі пазначаў скіраванасць творчых пошукаў яго калег. Тое самае адбываецца і ў Беларусі. Нездарма ж на ўздыме папулярная тэма краязнаўства. Мінулае лагодней падпускае пісьменніка да сябе, чым будучыня. Агульнапрызнана, што пісаць пра сучаснасць складаней.
Як мне падаецца, сутнасць сучаснага стану літаратуры — у працэсах трансфармацыі, выкліканых чацвёртай прамысловай рэвалюцыяй і пераходам да лічбавай рэчаіснасці, калі ашаламляльныя змены ўрываюцца ў наша быццё. У нядаўнім мінулым фантастычнае ўжо стала рэчаіснасцю. Здаецца, літаратура заняла пазіцыю разважлівага асэнсавальніка імклівага ўкаранення інавацыйных тэхналогій, усведамлення таго, што адбываецца з чалавекам у лічбавы век. Няхай прабачаць мне пісьменнікі, але многія з іх родам з мінулага стагоддзя і некаторыя не зусім прыстасаваны да кардынальных жыццёвых перамен. Сярод іх ёсць пакрыўджаныя на тое, што не выдаюць іх пажоўклыя рукапісы. Але ж такія рэаліі часу, і з імі трэба навучыцца лічыцца. Патрабаванні лічбавага пакалення дыктуюць неабходнасць пошуку новых літаратурных, ды і не толькі літаратурных, падыходаў. Галоўнае, як неаднойчы выказваліся пісьменнікі на сімпозіуме, каб не было бездухоўнасці. Магчыма, якраз сярод моладзі і праявяцца будучыя геніі. Вось чаму на сімпозіуме асаблівай увагай ахоплены маладыя аўтары. Мэтры штурхаюць іх смялей прабіваць дарогу ў літаратуру. Дарэчы, сёлета запланаваны фестываль маладых пісьменнікаў Беларусі, Малдовы, Расіі і Украіны, які пройдзе пры падтрымцы Фонду сацыяльна-эканамічных і інтэлектуальных праграм Расійскай Федэрацыі і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пра веру ў новых творцаў гаварыў на мінулагоднім сімпозіуме вядомы расійскі палітык, грамадскі дзеяч, пісьменнік Георгій Прахін, упэўнены ў тым, што «падрастае талент, падрастае».
— Якія тэмы прыярытэтныя для сімпозіума?
— На мой погляд, тэма чытання цяпер адна з найбольш запатрабаваных у свеце ўвогуле. Мяркую па тых міжнародных форумах, якія давялося наведаць апошнім часам у Малдове, Казахстане, Дагестане, тройчы ў Расіі. Паўсюдна гаворыцца пра крызіс чытання. У многіх краінах вядуцца актыўныя спробы гэтаму супрацьстаяць, бо чытанне жыццёва важна для развіцця любой краіны, яе канкурэнтаздольнасці. Небяспека — і ў прыхільнасці дзяцей да камп’ютараў, паглыбленне ў глабальную сетку. Інтэрнэт сапраўды значна пашырае магчымасці чалавека, але і робіць яго мысленне «кліпавым», звужае духоўны свет, пазбаўляе непасрэдных стасункаў. Кніга папяровая ці электронны носьбіт — таксама адкрытае пытанне новага тысячагоддзя.
У многіх краінах напрацаваны досвед падтрымкі і развіцця чытання, калі гэтая праблема прыўзнята на дзяржаўны ўзровень. Лічыцца, што зніжэнне цікавасці да чытання звязана з вялікай сацыяльнай рызыкай. У Расіі, напрыклад, у гэтым кірунку ажыццяўляецца Нацыянальная праграма. І ў нашай краіне шмат робіцца для папулярызацыі чытання як культурнай каштоўнасці. Але не стае комплекснай праграмы з дакладна вызначанымі задачамі для ўсіх удзельнікаў гэтага працэсу: пісьменнікаў, бібліятэкараў, выдаўцоў, распаўсюджвальнікаў…
— Якімі сіламі сёлета СПБ плануе браць удзел у сімпозіуме?
— Размова за круглым сталом у Доме літаратара пойдзе ў рэчышчы акрэсленай тэмы: «Пісьменнік. Кніга. Час». Падчас такіх сустрэч заключаюцца дамовы аб сумеснай дзейнасці. Напрыклад, у пазамінулым годзе СПБ у літаратурным сяброўстве заручыўся з сербскімі пісьменнікамі, летась — з дагестанскімі. Каштоўна, што праз пераклады мы больш спазнаём такія старажытныя культуры, як кітайская, індыйская. Не гаворачы пра тое, як актывізаваліся пераклады на беларускую мову твораў аўтараў еўрапейскіх краін. Усё больш паглыбляюцца літаратурныя стасункі з калегамі з розных расійскіх рэгіёнаў. Звычайна расійская дэлегацыя на сімпозіуме самая прадстаўнічая. Яркае сведчанне выніковасці беларуска-расійскага супрацоўніцтва — рэалізацыя творчага праекта «Сябрына: паэзія народаў Расіі», заснаванага выдавецтвам «Мастацкая літаратура». Вельмі ўсцешыў пазалетась візіт паэта з Чачэнскай Рэспублікі Адама Ахматукаева, які прывёз зборнік перакладаў беларускіх паэтаў на чачэнскую мову. А летась падзеяй сімпозіума стаў выдадзены паэтам з КабардзінаБалкарыі Саліхам Гуртуевым зборнік перакладаў на балкарскую мову беларускіх творцаў «Мае беларускія госці». Упэўнена, і сёлета не абыдзецца без такіх прыемных творчых сюрпрызаў. Чакаем дэлегацыю пісьменнікаў з Табольска, якая прадставіць унікальны праект — двухтомнік «Беларусы Сібіры».
— У чым каштоўнасць форуму літаратараў у Мінску?
— Па-першае, ужо нават толькі ў тым, што ён праводзіцца. Трапіць на яго мараць многія літаратары. Дарэчы, звычайна ўдзел у сімпозіуме для замежнікаў толькі афіцыйнай часткай не абыходзіцца. Яны з задавальненнем знаёмяцца са знакавымі мясцінамі нашай краіны, дзівяцца чысціні, прыгажосці. Незабыўныя ўражанні вязуць на радзіму. З году ў год пашыраецца колькасць удзельнікаў сімпозіума. Тым самым мастацкае слова ўсё старанней служыць умацаванню іміджу нашай краіны. Па-другое, сімпозіум збірае знакавых пісьменнікаў блізкага і дальняга замежжа. Тут выказваюць сваю пазіцыю прадстаўнічыя пісьменнікі — з іх аўтарытэтам не лічыцца немагчыма. Нездарма паслухаць мэтраў літаратуры збіраюцца крытыкі, журналісты, бібліятэкары, проста апантаныя чытачы. Пра дыскусіі ў Мінску можна гаварыць як пра ўплывовыя на міжнародны літаратурны працэс. Сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час» стаў сапраўдным міжнародным праектам, накіраваным на сцвярджэнне маральна-духоўных асноў грамадства і дзяржавы, служыць пашырэнню гуманітарных стасункаў паміж пісьменнікамі розных краін, а значыць, выконвае і гуманістычную місію: мацуе сяброўства паміж народамі. Упэўнена, што Беларусь зноўку пацвердзіць статус культурнай пляцоўкі Еўропы.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота Кастуся Дробава