Кветкі, ды не тыя. Возьмемся разам за парадак
Не перастаю дзівіцца вялікай сіле прыроды. Тыя велізарныя гурбы снегу, што намяло за цэлую зіму, здавалася, ніколі не растануць. А тут, глядзіш, і абапал дарог складзіраваныя камунальшчыкамі намеці як карова языком злізала. Горад, такі знаёмы нам Дзяржынск, паўстаў пасля зімы ў новым свеце. Ну – і?
Іду ўздоўж дома па вуліцы Фурманава і не веру сваім вачам – на зямлі пад балконамі акуркаў столькі, нібыта на адным квадраце рассыпалі пачкаў з дзесяць запалак. У асобных месцах – распластаныя чыкушкі, бутэлькі з-пад “чарніла”. Міжволі ўяўляецца, як жыхары зіму правялі. Незразумела, навошта ўсё гэта было шпурляць праз форткі ды балконы? А хто цяпер гэта “дабро” збіраць будзе?
Прайдзіцеся па гораду і вы. Прыкладна такая ж карціна – паўсюдна. Ідзем з дачкой па вуліцы К. Маркса, зварочваем да домзаўскага інтэрната. Дзяўчынка з дзіцячай непасрэднасцю кажа: “Мамачка, зірні, колькі кветачак распусцілася!” Як растлумачыць ёй, што гэта дарослыя дзядзі, а то і цёці смалілі цыгаркі і так неахайна ставіліся да нас з ёй, да усіх жыхароў горада? “Кветкі” гэтыя былі б усяго “пустазеллем”, калі не ўдумвацца ў тое, якую шкоду толькі за адну зіму курыльшчыкі нанеслі ўласнаму здароўю.
Але не толькі гэта псуе выгляд нашага горада. Кідаюцца ў вочы пакеты са смеццем, якія хаваліся пад снегам, а зараз, расшматаныя, блытаюцца пад нагамі; кінутыя старыя аўтамабілі (ды і новым варта ўжо навесці бляск); паламанае галлё дрэў…
Але – даволі. Скажуць: знайшлася тут маралістка! І тым не менш, пагадзіцеся, тэрмінова трэба брацца за справу, каб прыбраць горад. Ёсць два “сцэнарыі”, як могуць разгортвацца падзеі. Адзін: будзем назіраць, як з уборкай смецця спраўляецца служба жыллёва-камунальнай гаспадаркі. І, як заўжды, лічыць хібы-недапрацоўкі дворнікаў. Другі варыянт: самім актыўна пад-ключыцца да добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, мыцця пад’ездаў, пасадкі кветак. Дарэчы, так робяць у любым населеным пункце, сталічнага ён маштабу ці маленькая вёсачка. Чысціня і парадак пануюць там, дзе людзі любяць родныя мясціны, у якіх жывуць самі і іх дзеці, куды рады запрасіць гасцей.
Заўсёды добрая нагода аб’яднацца ў адным працоўным парыве – выйсці на суботнікі.
Сёлятняе надвор’е значна стрымлівае правядзенне работ па ўборцы тэрыторый. А ўжо не так шмат часу застаецца да Першамая, Вялікадня. Таму варта скарыстаць любую магчымасць для навядзення парадку ў горадзе, раёне, каб стала ў нас утульна, чыста, светла. Каб самім сябе пахваліць і ацаніць, чаго мы вартыя.