Творчество друзей

Регина Ревтович сделала стихотворный вариант сказки Елены Стельмах «Дуб і крумкач»

Рэгіна Рэўтовіч

Дуб і крумкач

(Вершаваны варыянт аднайменнай казкі Алены Стэльмах)

І

Ружовае сонца ўзнімалася ў неба,
Знікаў у блакіце сярпок-маладзік,
Расой прычашчалася сонная глеба,
І птушкі заводзілі дня рухавік.

На досвітку шырыўся хор шматгалосы:
З буслянкі гарланіла сосну дзятва,
Звінела пчала, лапкі мыючы ў росах,
З балотца картавае чулася “ква!”

І подсвістам шпак паддаваў усім дыхту:
“Дабавіць каленцаў! Шпарчэй! Весялей!”
І толькі сароку – мясцовую лыхту –
Збянтэжыў, з’явіўшыся ў небе, зладзей.

Драпежнік-крумкач плыў павольна ў паветры,
Падчас па-над вёскай апісваў кругі,
Напэўна вышукваў там зрокам адметным
Ахвяру ў свае кіпцюры-абцугі.

Пагрозы ніякай у выглядзе знешнім.
Чаго хвалявацца? І снедаць пара.
Ужо вераб’і на чырвонай чарэшні
Латошаць ласункі. Сарока з двара

Панесла праз поле навіны ў дуброву,
Зязюля насустрач паслала “ку-ку…”,
Абдымкі свае ў дзень расквечаны, новы,
Блакітны прасцяг распасцёр жаўруку.

II

Утомлены лётам, галодны і злосны,
Да дуба старога крумкач скіраваў,
Галіну разгатую выбраў, ды ссохлы
Не вытрымаў сук, і крумкач спудлаваў.

Крыламі лапоча, заблытаўся ў кроне,
Дашчэнту збянтэжаны, лямант узняў,
Калі кіпцюры ўратавалі з палону,
Нявольнік суняўся, аціх, ачуняў

І зразу да дуба: “Стаіш тут, старэча!
Ніякага толку з тваіх раскірэк,
Даўно ўжо спаліў бы хто-небудзь у печы,
Карысці ж з карчэўя не будзе павек.

Вы, дрэвы, стаіце заўсёды на месцы,
Няўжо вам ніколі ані не карціць
Узняцца ў прастору, свабодна, улегцы
Пятлю за пятлёю ў паветры круціць?”

Ніколі не ведаўшы літасці, птушка
Абразліва кпіла і крыўдзіла дуб.
А волат вячыстаю кронаю гушкаў
Гадоў успаміны, дзе ён – жыццялюб –

Аглушаны громам, хрышчоны маланкай,
Паранены кулямі, знаў – трэба жыць!
Стагоддзі міналі, заходы, світанкі,
А волат жыцця вартаваў рубяжы.

Ён стойка прымаў на шурпатыя грудзі
І ярасць вятроў, і сцюдзёнасці дні,
І тыя пакуты дзялілі з ім людзі,
Што побач пускалі, як ён, карані.

III

Хоць дуб крумкачовай лухце абурыўся,
Ды крыўду сваю не выказваў. Маўчаў.
Ён згадваў, як некалі там, дзе прыжыўся,
Малечай, да дробязі ўсё прыкмячаў.

Любілі сяляне ля дуба збірацца.
Шмат звестак пачуў дуб ад іх на вяку…
Было, што раней, каб зручней абжывацца,
Паселішча выбралі ў іншым баку,

Дзе жыўнасці шмат, дзе жылося багата,
Дзе ўсім было добра… Ды зайздрасць, як кат,
Варожым агнём цёмнай ноччу на хаты
Абрынула гора. І конны атрад,

Узброены, з крыкам шалёным, вар’яцкім,
Пад гойканне нішчыў усё на шляху.
Дымамі заслала сірочыя пляцы,
І з попелам вецер разносіў тугу.

Хто выжыў, той новы адшукваў прытулак,
І выбраўшы ўзвышша, дзе рэчка і лес,
Які ад сцюдзёнага ветра атуліць,
Садзілі бярозкі, чаромху і бэз,

Каб пляц свой пазначыць, абраны нанова,
Каб потым абладжваць нанова жыллё,
Каб вулачка ў свет паўз алеі кляновай
Пабегла шукаць наканованы лёс.

Вясной расплываўся па ўсім наваколлі
Чаромхавы водар і бэзавы пах,
Хусцінкамі кветак адорвала поле,
Рамонкі імклівы ўпрыгожвалі шлях.

І браліся ў сілу таполі і ліпы,
Дубочак плячысты падрос, падужэў.
І вёска шчаслівая ў новым абліччы
Стаяла ў цянёчку пасаджаных дрэў.

IV

Мінулі гады. З пасяленцаў найпершых
Застаўся на месцы адзін толькі дуб,
Якому ў стагоддзях прысвечаны вершы,
Які – насамрэч – волат і жыццялюб.

Ён зноў задуменна вяртаўся ў былое…
На памяць прыйшла зацяжная зіма.
Звівалі мяцеліцы ў полі сувоі,
Вясна на дварэ – а цяпла ўсё няма.

Уважліва людзі сачылі за дубам –
Галоўным ён значыўся ў іх вестуном:
Лісця не пусціў дуб – то сеяць на згубу,
Спагадлівы ветрык чакалі з цяплом.

Кусаўся мароз. Карагодзілі сцюжы.
І віўся слупкамі дымок з каміноў.
А потым – паводка! І рух яе дужы
Змыў бруд, і зямелька задыхала зноў.
І раптам нязнаная сіла з глыбіняў
Штурхнула струменьчыкі соку ў камель,
А потым – вышэй, да самой вершаліны
Пабег па галлі жыватворны струмень

І моцы надаў набрынялым пупышкам,
Што марылі воблака лісцем кранаць.
І хутка, шчаслівы, пад кронаю пышнай
Дуб зможа і сталасці радасць спазнаць.

Бутоны-гарошынкі болем салодкім
Напоўнілі волата-бацькі душу:
“Сыны-жалудочкі пад лісцем дрыготкім!”
Няўемную радасць жыцця дуб адчуў.

Збыліся нарэшце яго спадзяванні –
Дубочкі-сыны разбрыліся наўкол.
І памятаў ён, як ляснік на світанні
На воз пагрузіў цэлы мех жалудоў.

І з часам, зусім недалёка ад вёскі,
На месцы, дзе лес высякалі стары,
Дубкі маладыя пагойдвалі лёсы,
Мажнелі, каб іх не зламалі вятры.

V

Прыціхлы крумкач страпянуўся і дзюбай
Так гахнуў у сук, што аж рэха пайшло.
“Эх, ты! – кажа дуб, – ты ж ганебнасці, згубы
Прыхільнікам славішся. Як бы было,

Каб ты да людзей з добрай весткай імкнуўся,
Не прагнуў крыві і ахвяр не чакаў…”
“Лухта!” – ваяўніча крумкач агрызнуўся,
А дуб небараку далей дакараў:

“Так, я састарэў, вельмі дрэнна ўжо бачу,
А ўсё ж ганаруся, што многа пражыў.
Як згадваю гора – з дажджамі паплачу,
Ды зноў атуляю жыцця рубяжы.

Прыходзілі людзі здалёку і зблізку,
Сардэчнасць дарылі ў абдымках сваіх.
Галіны з пяшчотай схіляючы нізка,
І я падсілкоўваў энергіяй іх.

А колькі пачуў я і смеху, і жартаў?!
Здаецца, і сам я душой маладзеў.
Жыву, разумею, што жыць было варта.
Хай вечна жыццё па планеце ідзе!”

Захоплены думкамі, дуб не прыкмеціў,
Калі і куды госць няпрошаны знік…
… Кружылі ваўкі ля бычкоў на дасвецці.
Крумкач у чаканні над полем узнік…

Пераклад у вершаваную форму
Рэгіны Рэўтовіч

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.