Навум Гальпяровіч: “На шляху да сябе…”
У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі імя Я. Коласа ў межах музейнага праекта “Літаратурны чацвер” адбыўся творчы вечар вядомага журналіста і пісьменніка.
Cучасныя носьбіты інфармацыі маюць самы розны характар: газеты, часопісы, кнігі, безумоўна, інтэрнэт. А яшчэ ёсць радыё. Яго, як вядома, асаблівасць у тым, што ў эфіры гучыць голас чалавека, які хоча данесці да слухачоў сваё адчуванне жыцця. Такім чынам многія імёны журналістаў і іх галасы становяцца “сваімі” у многіх дамах. Іх ведаюць, з імі – чаканыя сустрэчы ў эфіры.
Навум Гальпяровіч – адзін з тых, каго называюць залатым голасам Беларускага радыё. Аднак, каб голас быў пераканаўчым, трэба гаварыць сэрцам. І сэрца яго – шчодрае, адкрытае, чуйнае. А яшчэ ў народзе кажуць, неабходна нешта мець за душой. І душа яго – багатая, разумная, уражлівая.
Вытокі, як кажа сам Навум Якаўлевіч, ідуць з яго радзімы: Полацка – калыскі беларускай дзяржаўнасці.
…З Міхасем Пазняковым нам пашанцавала, як нікому, калі ехалі ў мінулым годзе на Дзень беларускага пісьменства. Здарылася гэта ў апошні дзень лета. У Полацку надвячоркам нас сустрэў Навум Гальпяровіч і запрасіў ў падарожжа па родным горадзе, па тых мясцінах, дзе прайшло яго дзяцінства, юнацкія гады. Гэта быў Полацк вачыма Навума Гальпяровіча, і ў нас перамянілася стаўленне да горада. Старажытны, загадкавы Полацк стаў для нас бліжэй, і яшчэ больш прыцягальным сваімі таямніцамі, затоенымі ў ценях старадаўніх вуліц, збудаванняў, помнікаў…
Навум Гальпяровіч – сапраўдны палачанін. У гэтым лёгка пераканацца нават па рубрыцы ў газеце “ЛІМ”, якую вядзе ён, як журналіст і пісьменнік, прысвячаючы свае публікацыі адметным землякам. Да таго ж, ужо 13 гадоў ён з’яўляецца дырэктарам міжнароднага радыё “Беларусь”, шчыруе над радыёпраектамі “Штрыхі”, “Беларусь ад А да Я”, праграмай “Зямля, што дадзена нам лёсам”. Адным з улюбёных і вельмі папулярных застаецца яго радыёблог “Роздум” на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, а таксама тэлевізійны праект “Дыялог пра мову”.
Навум Гальпяровіч – аўтар больш дзесяці кніг, яго творы перакладаліся на польскую, балгарскую, румынскую, рускую, англійскую і іншыя мовы. Музыку на вершы Навума Гальпяровіча напісалі кампазітары Эдуард Зарыцкі, Уладзімір Буднік, Валерый Іваноў, Алег Елісеенкаў, Алег Сямёнаў і інш. Навум Якаўлевіч здзіўляе сваёй няўрымслівай энергіяй, ён выкладае ў Інстытуце журналістыкі БДУ на кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры і перадае свой вопыт студэнтам.
Пра значны ўнёсак Навума Гальпяровіча ў культуру Беларусі, пра яго плённую творчую дзейнасць і высокі прафесіяналізм сведчыць шэраг узнагарод, сярод якіх медаль Францыска Скарыны.
На творчым вечары прагучалі паэтычныя радкі знакамітага паэта, якія пранікнуты любоўю да Беларусі, мовы, культуры. Гаварылася і пра нагоду, якая аб’яднала шматлікіх прыхільнікаў творчасці Навума Гальпяровіча, яго сяброў – 70-годдзе творцы. Казалі: юбілейная дата – гэта прыпынак на так званым шляху да сябе, пра які гаворыць Навум Якаўлевіч.
Няхай і шлях будзе доўгім, і прыпынкаў на ім спраўдзіцца нямала – жадалі ўсе і я таксама.
Алена Стэльмах