Лілія Мялешка, г. Клецк. «Бацька лесу» — ода ўсім беларускім дубам-волатам
У кожнага аўтара ёсць творы, у якіх ён звяртаецца да агульнавядомых тэм: кахання, Радзімы, прыроды. Для многіх вельмі прыцягальная тэма лесу. Зялёны храм, драгі дружа, бацька-Лес — як толькі не называе яго чалавек! Велічна, з павагай, пашанай, гонарам!
Лес жыве па законах, падобных чалавечаму грамадству, але тут ўсё чысцей, святлей, радасней. Лес не церпіць здрады, падману, у тым ліку і засцерагаецца ад чалавека ліхога, злога. Мудрасць леса ідзе ад яго галоўнага гаспадара — дуба.
Сярод усяго ляснога багацця Беларусі дубоў не так і многа. Усяго каля трох працэнтаў займаюць яны лясной плошчы нашай краіны. Але паміж іх ёсць такія волаты, пра якія толькі і пісаць казкі ды складаць вершы.
Галоўны герой казкі Алены Стэльмах «Дуб і крумкач» — вясковы старажыл дуб-абярэг (на здымку).
Прысвяціла сваю оду і знакамітаму клецкаму дубу-ведуну Лілія Мялешка.
Бацька лесу
Дуб—бацька лесу. Безумоўна,
Бо ўсіх прыцягвае сабой,
Сваёй драўнінаю каштоўнай,
Сваёй энергіяй жывой.
Ён лечыць гоіць, — знаюць людзі –
Без дактароў і знахароў:
Грызі кару – цынгі не будзе;
Пад ім падыхай – і здароў!
Аб дубе марыў запаведным
Заўсёды казачны герой.
Чакаў пад ім куфэрак медны
Са скарбам ці з жывой вадой.
Ды строгая стаяла варта
Ад ворагаў і валацуг:
І на курыных лапках хатка,
І кот, і залаты ланцуг.
І толькі той, хто з чыстым сэрцам
Тут шчасце для людзей шукаў,
Таемныя знаходзіў дзверцы
І той куфэрак адчыняў…
…Ля вёска Чаша, на ўзлессі.
Дзе срэбрам возера блішчыць,
Падпёршы кронай паднябессе,
Вялізны волат-дуб стаіць.
Яго магутная карэнні
Сілкуюць крону – цэлы сад!
Пад ім прайшло пяць пакаленняў,
І ён – пяць метраў у абхват.
Свет на яго не надзівіўся,
Быць роўным з ім – няма каму!
І лес пачціва расступіўся –
Пашану выказаць яму.
Ён – бацька лесу, цар і пробашч,
І маюць да яго давер
Ялінкі, што застылі побач,
Барук, і воўк, і іншы звер.
Брыдуць дзікі не без прычыны
Па сакавітай мураве,
Гудзе няспынны тлум птушыны
У кучаравай галаве:
Дразды, сініцы, сойкі, совы,
Сям-там мільгне сарочы хвост,
… Яго дыаметр – двухметровы,
І двочы дзвесце — яго ўзрост.
Пабачыш тут і след ласіны,
І с кумкай стрэнешся лісой.
Усіх прымае ён гасцінна
У шчодрай засені сваёй.
Навокал лес, лугі і пашы –
Чароўны казачны куток.
І возера – па праўдзе ў чашы,
І сонца – залаты жаўток.
Неразгаданнаю загадкай –
Далёкі пошчак салаўя.
І юны граб з карою гладкай,
І тоненькіх дубкоў сям’я.
…Прапалі казкі, знікла варта,
Часамі вецер сумна гуў…
Чатырыста гадоў – не жарты!
Ён столькі бачыў, столькі чуў!
Падмацавацца яго сілай
Ўвесь навакольны люд хадзіў,
Тут палявалі Радзівіллы
І Пётр Вялікі, кажуць, быў…
Халоп ці цар, страляў ці тупаў –
Усё за ім, пры ім, пад ім…
Над ім жа – толькі неба купал
З жаўточкам сонца залатым.