Творчество друзей

Галіна Нупрэйчык, г. Клецк. Байкі. Усё, як у жыцці. Пасмяёмся разам!

Ліса і воўк

Байка

З ваўком сустрэлася лісіца,
Залатахвостая сястрыца.
Хітрушчым вокам паглядае,
Ды пра жыццё распавядае:

“Я састарэла, захварэла,
Амаль чатыры дні не ела.
Дзе ліха носіць тых зайцоў?
На зуб ніводзін не прыйшоў.”

Азваўся воўча:”Разумею,
Звяр’ё з прагрэсам разумнее,
У кіпці вострыя не пойдзе,
Бо ведае: пагібель знойдзе.”

“Мы, любы кум, эліта лесу,
Адны мы маем інтарэсы.
Пара ўжо сілы аб’яднаць,
На зайца разам паляваць.
Табе лягчэй звяркоў лавіць,
А мне – лічыць іх ды дзяліць.”

“Ой, не, кума, не пагаджуся.
Без кампаньёнаў абыдуся.
Адзін жадаю паляваць
І сам здабычу спажываць.”

У лесе ведаюць усе,
Што нельга давяраць лісе.

Бязмоўны крык

“Куды, суседзе, шлях трымаеш,
Ці ад якой бяды ўцякаеш? “ —
Карась у шчупака спытаў.
Той ледзьве чутна адказаў:

“Плыву на іншы бераг я,
Бо тут стыхія не мая.
Тут ферма ў возера ўпадае,
Атрута вочы выядае.”
Карась махнуў хвастом:
“Бывай,
Ваду чысцейшую шукай.
І мне пагібель хутка будзе,
Як застануся ў гэтым брудзе.”

І хто бязмоўны крык пачуе –
Ад згубы возера ўратуе?

“Вожык”

Ён малюе і спявае,
Казкі кажа,байкі бае.
Нездарма іголкі мае
І пяро сталёвае.
З перцам гумар прыгатуе
Ды сатырай пачастуе.
Дысцыпліну ён мацуе,
Добры густ выхоўвае.

Злавіў

Стась кульнуў свае сто грам,
Вудачку закінуў.
Вунь шчупак хвастом зайграў,
Потым недзе згінуў.

Сонца ўсё мацней пячэ.
Дзе ж карась ці плотка?
Дзвесце грам глынуў яшчэ,
Каб не сохла глотка.

Што за рыбіна плыве?
Трыццаць кіль ці болей!
Колькі год яна жыве
У рачным прыволлі?

З гэтай юшка будзе – смак!
Жоначка згатуе.
Што той шэранькі шчупак –
Зловім залатую!

Раптам лёска на бяду
Скокнула,мільгнула.
Стася з вудаю ў ваду
Рыбіна цягнула!

Льюцца промні з яе воч,
Галава з каронай…
Гэта ж слізкі чорны корч!
Гад ты, змей зялёны!

Жаніхі

Сорак стукнула гадоў,
Мужа не спаткала,
Бо не тых мне жаніхоў
Доля пасылала.

Пётра сватацца прыйшоў.
У кішэні – пляшка.
П’яным голасам зароў:
“Жонкай будзь мне, Машка!”

Заляцаўся Мікалай.
З твару хлопец гожы,
Толькі з гультаёў гультай,
Мужам быць не можа.

Грыша, Міша, Лёша, Cтась
Любымі не сталі.
Віця, Міця і Адась
Іншых пакахалі.

Можна ўсім параду даць:
“Пры любым капрызе
Мужа трэба ўсё ж шукаць
У Чырвонай Кнізе.

Гаспадары

Свежына сягоння ў Толі.
Жонка справіла застолле.
Трэба свінку замачыць –
Ад работы адпачыць.

Сталі ў рад бутэлькі, чаркі,
На ўсю хату пахнуць скваркі,
У патэльні аж пішчаць.
Агурочкі тут ляжаць.

За сталом – суседка Лёля,
Брат Алёша, сваха Воля.
Пад сталом – дварняк Мухтар,
Котка Мурка, кот Макар.

Падае старанна Ганна
Каўбасу з бачком румяным.
Муж з гарэлкай зноў ідзе.
Гамана паў-дня гудзе…

Госці млява разышліся.
Дома справы засталіся:
Соль з прыправамі купіць,
Павяндліцу засаліць.

Гаспадыня йдзе да крамы,
Гаспадар зваліўся п’яны.
Моцны сон яго змарыў.
Баль прадоўжылі звяры.

Рве Мухтар з лапаткі мяса,
Мурка выбрала каўбасы,
А Макар, хітрушчы кот,
З’еў вантробы, жываглот.

Пагулялі, мабыць, мала.
Котка сала ў кут схавала,
Сцягняка сабака спёр,
Завалок за хлеў у двор.

Смачны пах насы казыча,
Сябрукоў хвастатых кліча.
Дзверы насцеж, Джэк зайшоў,
Жучку з Бобікам прывёў.

Затрашчалі ў пашчах косці:
Вушкі, ножкі, лычык, хвосцік.
Рэкс у бульбу здор замчаў,
Між радамі закапаў…

Ганна ў роспачы галосіць,
Муж агрызкі ў сметнік носіць.
Вось і ўсё. Свінні няма.
Праца згінула дарма!

Віртуальныя харчы

Віртуальныя прасторы
Ён штурмуе цэлы год.
Не глядзіць, што дома гора –
Не ўзараны агарод.

Гэта справа пачакае.
У музей хай скача конь.
Грозны робат наступае!
Стой! Назад! Агонь! Агонь!

Халадзільнік згаладаўся.
Нож без працы затупеў.
Дах цячэ, замок зламаўся,
Са сцяны карніз зляцеў.

Гаспадар у інтэрнэце
Шпарка вострыць інтэлект.
Не цікавяць жонка, дзеці.
Усур’ёз завіс суб’ект.

Ён з ноўтбука не выходзіць,
Хоць ты плач або крычы.
Час настаў яму знаходзіць
Віртуальныя харчы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.