Калі цвітуць сады
Гэты чалавек упісаў не проста свой адметны радок у гісторыю сельскай гаспадаркі раёна, ён – цэлая эпоха ў яе развіцці. Пра гэта сведчаць і ўзнагароды – ордэны Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Знак Пашаны.
Леанід Іванавіч – заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР і Ганаровы грамадзянін Дзяржынскага раёна.
На паклон да дуба
Усё жывое ў поўную сілу радуецца вясне, звініць хорам гарэзлівых галасоў, а непаседлівыя першацветы, павыскокваўшы з-пад снегу, ужо нават паспелі пагубляць свае пялёсткі. Стары каржакаваты дуб, разгалістая крона каторага, здаецца, упіраецца ў неба, яшчэ толькі абуджаецца. Яму няма куды спяшацца, у яго свая філасофія жыцця, якая склалася за стагоддзі. Ён абачліва набярэ яшчэ сваю сілу. І тады, калі ад спякоты ўсё жывое будзе млець, яго густая засень дасць прытулак многім жывым істотам. А ўвосень яго пацешаць вясёлыя жалуды, якія навыперадкі будуць скакаць ля яго. Іх ён родзіць багата, каб праз іх прадоўжыць на гэтым свеце жыццё…
Два разы ў год сюды прыязджае чалавек. Ён у задуменні абыходзіць ўсё наваколле, моўчкі падыходзіць да дуба. Ім не трэба слоў, яны і без іх добра разумеюць адзін аднога. З гэтых мясцін бярэ пачатак род Кадлубовічаў — калісьці так распарадзіўся пан. Тут, у вёсцы Маргі Стаўбцоўскага раёна, у блізкім суседстве з нашай Волмай, нарадзіўся першынец Леанід, а пасля яго — два браты і чатыры сястры, а ў вёсцы жылі яшчэ дзве сям’і – Залатароў і Камінскіх. Дуб больш за тры стагоддзі таму назад пасадзіў хутчэй за ўсё хтосьці з пра-дзедаў Кадлубовіча. Ён сведка таму, як з пакалення ў пакаленне людзі шанавалі тут вясковую працу, як раслі малыя, сустракаліся закаханыя, як адпраўлялі ў апошні шлях сваякоў… Гады сцерлі рэшткі чалавечага жытла, і толькі дуб, як свая родная душа, прымае госця.
— Мяне вельмі цягне да яго. Звычайна зазірну і ў Скарабагатаўшчыну, у Кавальцы – пакланюся роднай зямлі, — кажа Леанід Іванавіч. – Адсюль мае карані, мая сялянская закваска. Хаця жыццё прадастаўляла выбар неаднойчы. Вельмі хацеў стаць урачом, да людзей ў белых халатах заўсёды маю трапяткія адносіны. На гарызонце быў нават педінстытут, і год вучобы на лесавода таксама нешта значыць. А вось зямное прыцягненне ўзяло верх. Пра што, як бы ні было складана, ніколі не пашкадаваў.
Старшынёўскай дарогай
Калі Леанід Кадлубовіч у пачатку 60-х стаяў ў страі такіх жа, як і сам, навабранцаў, не мог ўявіць, што жыццё на цэлых восем гадоў разлучыць яго з бацькаўшчынай. Чужына, а гэта Прыморскі край, аказалася не сказаць каб занадта ветлівай, але ў стралка-радыста справы ладзіліся. І ён падумваў пра тое, чым зоймецца пасля службы. Прыморскі сельгасінстытут стаў той альма-матэр, якая дала яму шлях у прафесію. Размеркаванне было ў сібірскі саўгас, плошчай 45 тысяч гектараў. Адным з чатырох падраздзяленняў прызначылі кіраваць маладога агранома Леаніда Кадлубовіча.
— Пазнаёміўся з гаспадаркай. Людзі шмат працавалі, але і пілі багата, — успамінае Леанід Іванавіч, — і так зашчыміла сэрца па радзіме… Думаю, як упрагуся ў гэты дышаль, наўрад ці ў адпачынак вырвуся. Стаў прасіцца: “Дазвольце на радзіму з’ездзіць, з бацькам павітацца”. І мяне адпусцілі.
…Шмат што за гэты час змянілася і ў родных мясцінах. Спецыялісты патрэбны былі амаль ў кожнай гаспадарцы. Хоць у калгас імя Дзяржынскага яго старшыня І.К. Майсіевіч і не прыняў, але з працаўладкаваннем паспрыяў, патэлефанаваў у суседнюю гаспадарку — калгас “Непераможны сцяг”. А там Кадлубовіч спатрэбіўся і ў якасці галоўных агранома, эканаміста, заатэхніка, механіка. Словам, школу прайшоў яшчэ тую. І раённае кіраўніцтва прыкмеціла яго дзелавую хватку, уменне працаваць з людзьмі. Так што праз два гады паступіла прапанова заняць старшынёўскае крэсла. Але сам кандыдат заўпарціўся: “Не гатовы яшчэ да такой пасады”. Тым не менш, старшыня выканкама Пётр Мікалаевіч Ганчароў ад свайго не адступаўся. І праз нейкі час у калгасе “Пабеда” ужо паціскаў руку прызначанаму старшыні Леаніду Кадлубовічу.
— Шпарыць той старшыня пешкі па разбітай дарозе з Дзяржынска ў Навасёлкі, і думае: “Навошта мне гэта ўлада здалася!”, — з жартам цяпер Леанід Іванавіч успамінае свае першыя старшынёўскія крокі і дадае: — Не трэба расслабляцца. Нярэдка нешта не атрымоўваецца, а ты старайся.
Якраз на той час на адну з ферм набылі 50 цёлак. Сам Іван Яўсеевіч Палякоў прыязджаў, каб пазнаёміцца з новымі падыходамі да развіцця жывёлагадоўлі. Тады ён Кадлубовічу сказаў: “Як чатыры з паловай тысячы надоіш, даложыш”.
— Надаіў, прыехаў, — расказвае Леанід Іванавіч.
— Чаго явіўся? — пытаецца кіраўнік.
— Далажыць, што надаіў.
— Калі так, дык і я ў даўгу не застануся. Едзь, забірай “Волгу”.
Мець прадстаўнічую машыну ніколі ў Кадлубовіча не было самамэтай. Хоць да таго і абавязвала пасада, але гэта было пераважна ўдзень. Стаўшы ў 1968 годзе старшынёй калгаса імя Дзяржынскага, ён нярэдка перасаджваўся ўначы на трактар, каб быць, як той араты, бліжэй да зямлі. А здаралася, і на малакавозе брыгады аб’язджаў. Затое добра ведаў, хто калі ўстае, які з каго гаспадар. Сам ніколі пазней пяці раніцы не падымаўся, нават калі была нядзеля.
Дзякуй, што былі разам
У Кадлубовіча было адно жорсткае правіла. Правіла да сябе: ён павінен паказваць прыклад ва ўсім. “Зрабі так, як я, зрабі лепш за мяне” — Леанід Іванавіч і зараз перакананы, што ў гэтым галоўны прынцып работы кіраўніка. Ён, напрыклад, сам браў у рукі касу і не даваў расслабляцца падначаленым.
Пра што часцей за ўсё ўспамінае зараз – пра сваю каманду. Каб трапіць у яе, трэба было вытрымаць сур’ёзны кадравы адбор. З дзесяці прэтэндэнтаў заставалася трое. Прычым, толькі адзін з іх папаўняў каманду па-сапраўднаму. Затое якія гэта імёны — Ірына Іванаўна Жывіца, Валянціна Сцяпанаўна Сазанавец, Іосіф Іванавіч Русецкі, Васіль Сяргеевіч Ложачнік, Леанід Іосіфавіч Чыжык і іншыя!
— Пра мяне казалі, што ў Кадлубовіча зімой снегу не дапросішся, — прызнаецца па-шчырасці Леанід Іванавіч. – Але больш таму адпавядала галоўны бухгалтар Таццяна Іванаўна Рэўтовіч. Без яе ведама ніводная капейка не магла нікуды пайсці. Ёй я верыў больш, чым сабе.
На даверы да надзейных людзей ла-дзілася ўся работа ў гаспадарцы.
— Думаеце, адкуль нашы паказчыкі ішлі? Ад старання механізатараў, даярак, паляводаў, — Леанід Іванавіч з гонарам называе прозвішчы Дашкевіча, Казея, Пастухова, Батуры…
— Работа ў сельскай гаспадарцы будзе самай цяжкай і надалей, — лічыць Кадлубовіч. – І ніякая механізацыя сітуацыю не выправіць. Кадры рашаюць усё!
А свой абавязак як кіраўніка ён бачыў не толькі ў тым, каб арганізаваць людзей на работу, а і каб добра аддзячыць іх за працу. Вось чаму ён так старанна вывучаў вопыт грымеўшых на ўвесь Савецкі Саюз гаспадарак “Верцялішкі”, “Рассвет”імя К. Арлоўскага. У адных запазычыў механізм выплат дывідэндаў, які і па сённяшні дзень дзейнічае ў гаспадарцы. Ад другіх прывёз ідэі паляпшэння культуры вытворчасці. Амаль анекдатычным быў выпадак, калі падчас візіту ў гаспадарку нямецкая дэлегацыя прыбыла ў гумавых ботах, у той час як нашым дзяўчатам ужо даўно было зручна хадзіць па ферме ў лёгкім абутку.
Леанід Іванавіч – дзіўны субяседнік. Ён мае на ўсё свой пункт гледжання, які ніколі не саромеўся выказваць нават перад вялікім начальствам. Вось толькі аднойчы прамаўчаў, пра што і зараз шкадуе. Пётр Міронавіч Машэраў у час жніва наведваў гаспадарку. Адначасова вяліся і другія віды работ, за што высокі госць пахваліў дзяржынцаў. Ехаць назад запрасіў і Кадлубовіча. “Ну і з хуткасцю ж мы тады ляцелі, — успамінае Леанід Іванавіч. – Хацелася сказаць: Пётр Міронавіч, Вы б асцярожней…”
***
Хоць Кадлубовіч – чалавек і не з баязлівага дзясятку, а сорак шэсть гадоў таму назад здарылася, што калені дрыжэлі – гэта калі жаніўся. “ Дзякуй Богу, усё абыйшлося”, — абдымаючы Ганну Адольфаўну, ўсміхаецца Леанід Іванавіч. І ў сямейным жыцці ў яго склалася ўсё так, як у сапраўднага мужчыны. Трое сыноў як збяруцца са сваімі сямействамі — шумліва і весела ў бацькоўскім доме. А на стале – яблыкі, ігрушы, мядок з таго саду, які пасадзіў бацька.
Чаму б Леаніду Іванавічу не раўняцца на той дуб-абярог , узрост якога вымяраецца ст агоддзямі?! Моцу такога духа і волі такой!