велікодная пісанка
Мир писателя,  Наблюдения

Прыцягальная сіла велікоднага яйка

Ніякія цацкі ў дзяцінстве так не прываблівалі, як велікодныя яйкі. Ды і цацкамі іх хіба назавеш? Сапраўдны сэнс таго, чаму яны павінны быць менавіта чырвонымі, дарослыя не тлумачылі. Але ў той момант, калі яйкі лыжачкай апускаліся ў чыгунок з шалупіннем цыбулі, адчувалася нейкая асаблівая таямнічасць чаканага велікоднага дня.

У нашай вёсцы Навасады Дзяржынскага раёна ў гады майго дзяцінства царквы не было. Дакладней, ужо не было. Яе разбурылі пасля рэвалюцыі, пакінуўшы мясцовы люд сам-насам са сваёй верай. У невялічкай вёсачцы межаваліся праваслаўныя з католікамі. І тыя, і другія, не будучы асабліва рэлігійнымі, добра ладзілі паміж сабой. На Вялікдзень з рання на вясковай вуліцы чулася:

– Хрыстос уваскрос! Ваісціну ўваскрос!

На той час вёска ўжо значна “памялела”. Аднак на выхадныя абуджалася.  Яе гадаванцы, стаўшы гарадскімі, не спяшаліся адрывацца ад родных каранёў:  з надыходам цяпла браліся за вілы, станавіліся ў грады, адпрошваліся з работы адпасвіць “радоўку”…

Але, напэўна, такімі люднымі, як на Вялікдзень, Навасады былі толькі раз у год.

Мы, малыя, разгавеўшыся разам з дарослымі, ішлі па сваяках, суседзях збіраць яйкі – так званыя “жачкі”. Навыперадкі выхваляліся, хто займеў іх больш. “Цюкаліся” яйкамі на радасць таму, чыё ўцалела. Здаецца, большай смакаты, як чырвонае яйка, на той час і не было. Колькі іх з’ядалася – ніхто не лічыў. Шмат. І нікому тое не шкодзіла.

Час многае змяніў на зямлі. Ледзьве трапечацца вясковая свечка… Цяпер хіба Радаўніца, з яе лёгкім сумам аб памерлых, хіне да сябе выхадцаў з бацькоўскага кута…

З даросласцю прыйшло разуменне многіх ісцін. Стала вядомым і тое, што ў чырвоным колеры велікодных яек закладзены сэнс адраджэння жыцця праз “кроў Хрыста”. Не страчвае сваёй прыцягальнасці старая хрысціянская традыцыя абменьвацца чырвонымі яйкамі. Яны становяцца ўсё больш прываблівымі, па-сучаснаму моднымі.

Пісанкі – так здаўна называецца складаны спосаб афарбоўкі яек. З цягам часу гэты від дэкаратыўнага мастацтва становіцца ўсё больш папулярным. Такое велікоднае яйка валодае яшчэ больш прыцягальнай сілай. Адчуваюцца душа і талент, укладзеныя майстрамі ў дзіўныя ўзоры расфарбаваных пісанак.


  • Чацверты год Стаўбцоўшчына збірае з розных куткоў Беларусі майстроў народнай творчасці на рэгіянальнае свята-конкурс «Велікодная пісанка». Сёлета ў ім прымала ўдзел больш за 40 дарослых і юных мастакоў з Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. (фотарэпартаж)

Один комментарий

  • Юрий Иванов

    Христос Воскресе, Дорогие Мои Сябры!!! Да Хранит Господь и Пресвятая Богородица Белую Русь и ЕЁ Замечательный Народ!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.