Нас яднае кніга
Я і Скарына… Нас яднае кніга. Ён у пачатку 16-га стагоддзя распачынаў друкарскую справу, каб дапамагчы простаму люду далучыцца да граматы. Я ў пачатку 21-га стагоддзя ў ліку тых, хто рупіцца запусціць паэтычны аўтобус у беларускай сталіцы, каб паэтычным словам захапіць сваіх сучаснікаў.
У любыя часы чалавечая душа прагне аднаго і таго ж: цяпла, ласкі, спагадлівасці. Кніга, слова застаюцца невычэрпнай крыніцай, пра якую пяць стагоддзяў таму назад так сказаў наш шаноўны папярэднік Францыск Скарына.
У паэтычным аўтобусе, які рухаўся па маршруту «Няміга- Выставачны комплекс» 8 і 9 лютага чыталі свае вершы паэты, спявалі барды, дзейнічала кніжная міні-выстава. Было весела і нават «прыкольна» — не патрэбны былі білецікі. Калі нехта настойліва спрабаваў прабіць квіточак, яго дружным хорам адгаворвалі ўжо вопытные ездакі. Два дні руху спецыяльнага аўтобуса аплочваў выставачны комплекс, дзе праходзіў вялікі кніжны форум.
Некаторыя з пасажыраў самі імкнуліся да мікрафона, некаторыя спецыяльна ехалі некалькі кругоў. Іншыя абяцалі далучыцца ў наступным годзе…
Францыск Скарына паглядаў з плаката, размешчанага на акне аўтобуса, лагодна ўсміхаўся. Мусіць, і яму быў да спадобы наш літаратурны экспромт.