Парк пісьменнікаў – наш агульны клопат
У Мінску ёсць унікальнае месца, якога няма больш ні ў адным горадзе свету — Парк пісьменнікаў. Ён з’явіўся ў лістападзе 2018 года побач з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі па ініцыятыве нашай пісьменніцкай арганізацыі і пры падтрымцы Мінгарвыканкама.
Пісьменнікі да гэтай падзеі аднесліся вельмі радасна, і не толькі таму, што спрычыніліся да адной з самых высакародных спраў — пасадкі дрэў, але і атрымалі магчымасць выкарыстоўваць гэта знакавае ў беларускай сталіцы месца як цэнтр прыцягнення ўсіх, хто любіць кнігу, захапляецца чытаннем, хто цікавіцца славутасцямі сталіцы.
У ліку наведвальнікаў Парка — жыхары Мінска, госці, турысты.
Парк пісьменнікаў — гэта свайго роду сімвал вялікай пісьменніцкай супольнасці.
Як вядома, СПБ быў створаны ў 2005 годзе і дзейнічае ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 564 «Аб некаторых пытаннях дзейнасці грамадскага аб’яднання» Саюз пісьменнікаў Беларусі «. СПБ з’яўляецца правапераемнікам таго аўтарытэтнага пісьменніцкага Саюза, ля вытокаў стварэння якога стаялі класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас.
На дадзены момант у Саюзе пісьменнікаў Беларусі налічваецца больш за 700 чальцоў. У кожнай вобласці ёсць сваё аддзяленне. Самае вялікае прадстаўніцтва літаратараў у сталіцы, дзе як і па ўсёй краіне, працуе шмат літаратурных гурткоў, клубаў, ёсць свой Тэатр паэзіі. Пісьменнікі ствараюць свае творы і для дзяцей, і для дарослых, каб людзі не згубіліся ў свеце бездухоўнасці, станавіліся дабрэй, сумленней. У год праходзіць больш за 20 тысяч рознага роду мерапрыемстваў, калі пісьменнікі нясуць у грамадства «жывое» слова.
Парк пісьменнікаў варта разглядаць як шматзначны аб’ект. Ён сведчыць аб духоўнасці беларусаў, як нацыі, пра разуменне беларусамі ролі кнігі, важнасці чытання, значнасць якога ўсё больш узрастае ў свеце.
Пасаджаныя ў Парку пісьменнікаў дрэвы, (побач з намі ў той момант былі і прадстаўнікі музеяў, бібліятэк), ужо зашумелі сваёй лістотай. Па рашэнні дызайнераў тут расце «жывая» кніга, сфарміраваная з групы кустоў, а таксама ўстаноўлены камень у гонар гістарычнай падзеі — стварэння парку, закладзена капсула з імёнамі тых, хто спрычыніўся да высокароднай справы.
Паркавая зона становіцца ўпрыгожаннем сталіцы, аднак, патрабуе і далейшага развіцця.
Айчыннай літаратуры ёсць чым здзіўляць свайго чытача. А магчымасці Парку, як культурнай пляцоўкі, не рэалізаваны ў поўнай меры.
З гэтай мэтай у Саюзе пісьменнікаў ствараецца рабочая група з найбольш актыўных літаратараў. Яны будуць садзейнічаць новаўвядзенням у Парку. Да таго ж, Саюз пісьменнікаў у чарговы раз звяртаецца ў Мінгарвыканкам з просьбай далейшай падтрымкі і дапамогі ў вырашэнні дадзенага пытання.
СПБ заклапочаны распрацоўкай праекта добраўпарадкавання тэрыторыі Парку пісьменнікаў, дзе неабходна прадугледзець устаноўку памятных таблічак, разбіць алеі ў гонар знакавых пісьменнікаў, павялічыць лік лавак уздоўж алей і набярэжнай, дадаткова пасадзіць дрэвы і кусты для візуальнага выдзялення тэрыторыі парку на фоне навакольнага ландшафту.
Таксама бачыцца неабходным на схіле паміж будынкам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і набярэжнай р. Свіслач абсталяваць пляцоўку з летняй сцэнай і радамі лавак, прыдатную для арганізацыі розных мерапрыемстваў з боку пісьменніцкага Саюза (творчых сустрэч пісьменнікаў, правядзення аўтограф-сесій, літаратурных вечароў, дзён Паэзіі, урокаў Мужнасці, дэманстрацыі спектакляў, спаборніцтваў чытальнікаў, узнагароджання пераможцаў розных творчых конкурсаў ). У дзейнасці такой творчай галерэі зацікаўлена і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, наведвальнікам якой цікава зазірнуць у літаратурную зону адпачынку.
Дадзеная пляцоўка можа быць выкарыстана ў праграмах Дня горада, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, іншых святаў, якія праводзяцца пры падтрымцы устаноў Мінгарвыканкаму і Міністэрства культуры, лічаць у СПБ.
Акрамя таго, адной з першачарговых задач СПБ вызначае стварэнне і размяшчэнне ў Парку пісьменнікаў скульптуры, прысвечанай «чалавеку, які чытае».
Архітэктурныя фантазіі на гэтую тэму ёсць у розных гарадах свету. Яны ўпрыгожваюць абліччы гарадоў, надаюць ім арыгінальнасць. Настаў час і ў беларускай сталіцы мець свой варыянт такога шэдэўра архітэктуры.
Увогуле ў Парку пісьменнікаў могуць быць устаноўлены і іншыя аб’екты манументальнага мастацтва — помнікі ў гонар пісьменнікаў ці кампазіцыі, звязаныя з літаратурнымі героямі. Задзейнічанай у рэалізацыі гэтых планаў можа Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, з якой у Саюза пісьменнікаў Беларусі ёсць вопыт супрацоўніцтва ў гэтым напрамку. Дарэчы, першапачаткова праект будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прадугледжваў стварэнне побач з ёй культурнай зоны, пра добраўпарадкаванне якой зараз турбуецца СПБ.
У СПБ перакананы, што прапановы, якія хвалююць увесь пісьменніцкі Саюз, не застануцца па-за ўвагай кіраўніцтва горада і Парк пісьменнікаў стане больш змястоўным здабыткам сталіцы, нашым агульнам гонарам, будзе прыцягваць сваёй прыгажосцю, літаратурным інтарэсам, высокай культурай.
Алена Стэльмах