Паэтычнае слова – гучнае слова
XIX Нацыянальны фестываль песні і паэзіі “Маладзечна-2019” вабіць гледача разнастайнай праграмай. Як вядома, на гэтым дзівосным свяце галоўнымі дзейнымі асобамі з’яўляюцца не толькі майстры выканаўчага майстэрства, але і мэтры прыгожага слова – паэты, чыя ўзнёслыя радкі глыбока кранаюць, радуюць, напаўняюць сэрца чуллівым хваляваннем.
Нездарма паэзію называюць жывапісам душы, вышэйшай формай духоўнай свабоды.
Асаблівасць сёлетняга ўдзелу Саюза пісьменнікаў Беларусі ў гэтай, без перабольшвання грандыёзнай культурнай падзеі нашай краіны, заключаецца ў тым, што Маладзечна наведае творчая каманда з двух дзясяткаў чалавек. Такі грунтоўны паэтычны дэсант нам патрэбны для таго, каб шырока прадставіць галоўны накірунак свята – прысвячэнне мастацкага слова знакавай для беларусаў даце – 75-годдзю вызвалення роднай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама любай для ўсіх творцаў тэме – Году малой радзімы.
Першы выхад на сцэну паэтаў творчага саюза адбудзецца а 15 гадзіне. Канцэртную праграму для прадстаўлення ў Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў рыхтуе Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. “Мой родны кут, як ты мне мілы!” – такую назву паэты Міншчыны далі сваёй літаратурнай імпрэзе, прысвечанай самым дарагім мясцінам, якія заўсёдна застаюццца ў патаемных куточках іх сэрцаў. Святлана Быкава ўхваляе роднае Заслаўе, Уладзімір Цанунін славіць Вілейшчыну, Уладзімір Краскоўскі – Валожыншчыну, Лёля Багдановіч — Барысаў, Таццяна Цвірка — Клецк, Таццяна Шабанец – Маладзечна.
А 16 гадзіне ўпершыню фестываль прыме аўтарскую праграму, між іншым таксама паэта, Навума Гальпяровіча “Суразмоўцы”, якая стала знакавай з’явай у эфіры тэлеканала “Беларусь 3”. На гэты раз Навум Якаўлевіч у якасці госця запрашае паэта-песенніка Уладзіміра Мазго.
З асобай Уладзіміра Мінавіча звязана гісторыя фестывальнага руху, распачатага ў чэрвені 1993 года. У. Мазго быў удзельнікам першага фестывалю, дзе гучалі ажно пяць песен аўтара. Варта нагадаць і пра тое, што Анжаліка Ютт, выканаўшы ў конкурсе маладых выканаўцаў песню на словы У. Мазго “Лістота разлук”, стала ўладальніцай першай прэміі. Андрэй Хлястоў спяваў “Трохвугольнік”, Іна Афанасьева прадстаўляла стаўшую хітом “Варажбу”. Уладзімір Мазго, дарэчы, у свой юбілейны год, і зараз поўны творчага запалу. Ён рады прадставіць маладзечанскаму фестывалю прэм’еру новай песні – “Жаўруковая мова”.
І яшчэ адна яркая фестывальная падзея: 17.30, канцэртная зала Палаца культуры г. Маладзечна, музычна-паэтычная гасцёўня “Пад небам бацькаўшчыны роднай” з удзелам беларускіх паэтаў, дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі.
Паэты Саюза пісьменнікаў Беларусі будуць прэзентаваць кнігу, якая падрыхтавана да выхаду ў свет у Выдавецкім доме “Звязда” пад прыгожай назвай “Мая Радзіма”. Пад адной вокладкай сабраны вершы – прызнанні ў адданай любові сваёй Айчыне – азёрнаму краю з тысячамі блакітных вачэй, якімі пазірае ён на Млечны шлях. Гэта сваё захапленне Радзімай перададуць і маладзечанскаму гледачу майстры прыгожага мастацкага слова. На сцэну выйдзе суквецце паэтаў. Сярод якіх — лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхась Башлакоў , Мікола Мятліцкі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Міхась Пазнякоў, паэты, чыё слова велічна гучыць на прасторах Радзімы – Сяргей Давідовіч, Вадзім Спрынчан, Кастусь Цыбульскі.
“Свет адраджаецца ў крыві,” –
Старая ісціна сцвярджае…
Квітней зямля людзей, жыві,
Хай Бог цябе аберагае!” –
такія словы агучыць у маладзечанскай фестывальнай зале лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, шаноўны паэт Змітрок Марозаў.
Да таго ж, госцем музычна-паэтычнай гасцёўні “Пад небам Бацькаўшчыны роднай” стане Нацыянальны акадэмічны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча.
Прынамсі, да кожнага з выступленняў супрацоўнікі маладзечанскага Палаца культуры рыхтуюць відэапрэзентацыі са здымкаў фотааматараў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Яўгена Пясецкага і Уладзіслава Цыдзіка. Словам, дзея абяцае быць і гучнай, і відовішчнай.