Па загаду і па сумленню
Раман Мікалая Чаргінца “Вам – заданне” ўбачыў свет у 1982 годзе і адразу прыцягнуў увагу шырокага кола чытачоў, якім ужо было добра знаёмае імя гэтага аўтара па яго папярэдніх захапляльных дэтэктывах. Кніга чатыры разы перавыдавалася. А ў 2004 годзе Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” выпусціла мастацкую стужку з аднайменнай назвай.
У 70-х – пачатку 80-х гадоў Мікалай Чаргінец “падкінуў” чытачам добры дзясятак твораў, унёсшы тым самым свежы струмень у жанравую разнастайнасць беларускай літаратуры, і ў прыватнасці, у яе дэтэктыўны накірунак. Спецыфіка работы Мікалая Іванавіча ў той час – гушчыня міліцэйскіх будняў, дзе ён на розных пасадах, у тым ліку і надзвычай адказных, спазнаваў свет супрацьстаяння закону і правапарушэнняў, дабра і зла, злачынства і пакарання. Усё гэта перажытае, асабіста прачутае падштурхнула яго ўзяцца за пяро. Як аказалася, мастацкае слова з падачы празаіка Мікалая Чаргінца стала тым дзейсным сродкам, які змог паўплываць на грамадства ў плане выхавання. А значыць, і на станоўчы вынік той самай міліцэйскай работы, за якую аўтар дэтэктываў на той час адказваў у першую чаргу.
Раманы Чаргінца сталі надзвычай папулярнымі не толькі сярод шматлікай айчыннай аўдыторыі, але і наогул на ўсёй рускамоўнай прасторы вялікай савецкай краіны.
І вось чарговая навіна: раман “Вам – заданне” выходзіць у выдавецтве «Мастацкая літаратура» у перакладзе на беларускую мову, які зрабіў Алесь Марціновіч.
Чаму твору ўжо ў новым стагоддзі нададзена такая ўвага? Чым абумоўлена не толькі яго літаратурнае доўгажыхарства, але і новы акцэнт на важнасць узнятай у рамане праблемы?
Мікалай Іванавіч неаднойчы згадваў пра тое, што народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў не быў схільны да напісання літаратурных водгукаў. І тым больш прыемна было Чаргінцу ўбачыць разважанні пра свой новы твор знакамітага пісьменніка ў тагачаснай надзвычай папулярнай шматтыражнай “Літаратурнай газеце”. Было гэта ў памятным маі 1983 года.
Васіль Уладзіміравіч назваў раман-дэтэктыў «Вам – заданне» шматпланавым творам. Спярша ён спасылаецца на аўтара, што задумаў прадставіць “традыцыйны сямейны раман з грунтоўным і няспешным даследваннем характараў у іх сямейных і побытавых адносінах, як гэта прынята ў сучаснай і класічнай літаратуры”. Але Васіль Быкаў, сам будучы выдатным раманістам, які значную частку сваёй творчасці прысвяціў тэме Вялікай Айчыннай вайны, падтрымлівае калегу ў яго жаданні паказаць сваіх герояў ва ўмовах ваеннага ліхалецця. І якраз гэта значна пашырае межы рамана, робіць яго свайго роду эпахальным.
“Для кожнага чалавека асабіста гэта вайна пачалася па-свойму, заспеўшы ў розны момант яго жыццёвай дзейнасці, але на ўсіх яна наляцела бязлістасна і раптам, зараз і назаўжды адсекшы мінулае ад будучыні”, – піша Васіль Уладзіміравіч. Менавіта вайна, сведкам і непасрэдным удзельнікам якой ён быў, ва ўсіх яго творах вельмі яскрава выяўляе існасць людзей, вызначае іх вартасць, высвечвае сумленне. Гэты гістарычны падыход ён ухваляе і ў рамане Мікалая Чаргінца «Вам – заданне», дае дакладную характарыстыку галоўным дзеючым асобам твора, як ён адзначае, “густанаселенага героямі”.
Васіль Быкаў называе Мікалая Чаргінца вопытным майстрам дэтыктыву. На яго думку, у гэтым рамане талент празаіка зноў праявіўся красамоўна і пераканаўча.
Уладар-час за чвэрць стагоддзя многае змяніў у свеце. У тым ліку адфільтраваліся і згубіліся на памежжы вякоў творы, якія пісаліся на так званую “патрэбу дня”. Кажуць, гісторыя не церпіць дачаснікаў. Гэткая ж высакародная і літаратура. Застаецца тое, што мае сапраўдную каштоўнасць, непадуладнае кан’юнктуры зручных абставінаў.
Таму і напісанае Мікалаем Чаргінцом, выпрабаванае гадамі чытацкай запатрабаванасці, калі не сказаць больш – пакаленнямі прыхільнікаў яго творчасці, мае не менш актуальнае гучанне ў рэаліях сучаснасці. А магчыма, цэніцца яшчэ і больш.
Беларуская міліцыя, якую часам трапна называюць службай дзён і начэй, мае сваю гісторыю, што налічвае ўжо 100 гадоў. Летась на высокім узроўні адзначаўся слаўны юбілей беларускай міліцыі, да якога спрычынены людзі ў міліцэйскіх пагонах розных перыядаў станаўлення беларускай дзяржаўнасці. У тым ліку і такіх надзвычай складаных, як Вялікая Айчынная вайна і пасляваенны час.
“Оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Аляксей Купрэйчык лічыў сябе самым шчаслівым чалавекам на зямлі. У нядзелю ён браўся шлюбам з каханай дзяўчынай, але не дайшоў да святочнага стала. Ля брамкі знаёмы міліцыянер сказаў лейтэнанту: “Вайна!”…
З гэтых радкоў пачынаецца твор, у якім усе героі атрымліваюць заданне: “Перамагчы, любой цаной перамагчы!”. Як і кожны далейшы загад: “Вам – заданне”, для супрацоўнікаў міліцыі — гэта неадкладнае дзеянне, няхай сабе і з верагоднасцю сутыкнення з небяспекай. Ніхто гэты загад ніколі не аспрэчваў – сумленне стаіць вышэй за ўсё!
Акупаваны Мінск – дзяцінства самога Мікалая Чаргінца. У кнізе сям’я Славіных у занятым ворагам, але няскораным горадзе з першых дзён вайны – у ліку актыўных барацьбітоў, як і іншыя героі рамана. На фронце, у партызанах, у тыле, у горадзе і ў вёсцы – паўсюль людзі самаахвярна неслі цяжкую ношу вайны, змагаліся з фашыстамі з непахіснай верай у Перамогу і цаною неверагодных стратаў выстаялі ў гэтых выпрабаваннях. І Перамога, такая жаданая і доўгачаканая, прыйшла.
Але калі раней Уладзіміру Славіну “у партызанскім атрадзе было ясна, дзе вораг, дзе свой, то тут даводзілася шукаць бандыта і паліцая, які стоіўся, нярэдка хітра замаскіраваўшыся…”. Чаргінцу-псіхолагу неабходна было перадаць іншы настрой герояў, што так доўга марылі пра мірнае жыццё, чакалі і спадзяваліся. Але ім, знясіленым вогненнымі дарогамі вайны, давялося зноўапынуцца на перадавой – на вайне нябачнай, сутыкнуцца з не менш вераломным ворагам.
Заслуга Мікалая Чаргінца і ў тым, што ён звярнуўся да не зусім даследаваных старонак барацьбы з бандытызмам у пасляваенны час, пра якія асабліва і не было прынята гаварыць. Хаця насамрэч яны напоўнены таксама вялікім драматызмам, пра што сведчаць дакументальна-праўдзівыя радкі мастацкага твора: “У горадзе і за яго межамі, у бліжэйшых лясах, сёлах схавалася нямала фашысцкіх паслугачоў, якія нападалі на прадстаўнікоў савецкай улады, актывістаў, рабочых і сялян. Аператыўнікі працавалі з раніцы да вечара, нярэдка суткамі напралёт…»
Вострасюжэтны раман “Вам – заданне” ўражвае, як своеасаблівая эпапея чалавечых лёсаў на фоне самай страшнай вайны ў нашай гісторыі, самых трагічных падзей у жыцці беларускага народа. Гэта даніна павагі людзям у міліцэйскіх пагонах – нястомным ахоўнікам правапарадку.
І канешне, пераклад твора на родную мову – магчымасць для маладога пакалення беларусаў (раман уключаны ў школьную праграму) праз мастацкія вобразы, дзякуючы ўменню Мікалая Чаргінца весці сюжэтную лінію ў інтрыгуючай дэтэктыўнай форме, спазнаць гістарычнае мінулае нашага народа, каб захаваць нацыянальныя гонар і годнасць.
Алена Стэльмах