Песня ля Станькаўскай царквы аб вечным: веры, вясне, марах…
Гісторыя гэтага храма гэткая ж неадназначная, як і лёс чалавека. Царква будавалася па добрай волі графа Эмерыка фон Гутэн Чапскага, уладальніка тутэйшай сядзібы «Станькава» і многіх прылеглых да яе тэрыторый. Граф, каталік па свайму вераспавяданню, узвядзеннем царквы, рабіў паклон праваслаўным вернікам. Засталіся розныя легенды — матывацыя яго ўчынку. Сярод іх і тая, што выслужваўся, хацеў заняць вышэйшы пост. Людской пагалосцы ўласціва шукаць падводныя цячэнні ў самых лепшых дабрачынных учынках. Будзем шчыра верыць, што гэта быў сапраўдны душэўны парыў вялікага чалавека. Тым больш, што і царка ў Дзяржынску — праваслаўная спадчына графа Чапскага.
Тыя, хто бачыў рэшткі Станькаўскай царквы, свята верылі ў тое, што так пацярпела яна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Цяжка было ўразумець, што напаткаў яе незайздросны лёс у пачатку 60-х гадоў. Калі прарвала дамбу ў возеры, вайскоўцы нічога лепшага не прыдумалі, як расцягнуць бронемашынамі царкву, і яе цэглай умацаваць воднае збудаванне. Казалі, патузаліся, царкву разбамбілі, ды так усё і кінулі, не давёўшы дамбу да ладу.
Амаль паўстагоддзя абяздоленая царква нема зазірала ў людскія душы, просячы паратунку. Знаходзіліся ахвотнікі яе аднавіць, збіралі грошы. Але занадта няпростай аказвалася гэта справа, каб нават зрушыцца з месца.
Цяпер у царквы — новае жыццё. Сапраўднае дзіва, як яна зноўку пабачыла Божы свет. Няхай у храме гучыць самая светлая малітва за тых, хто паспрыяў яе адраджэнню! Яе адлюстраванне зноўку белым лебедем глядзіцца на воднай гладзі, як калісьці задумваў тое граф Чапскі…
І тут, ля царквы, на старых прыступках, сімвалічна ўздымаецца да нябёсаў песня аб вечным: веры, вясне, марах…