Мікалай Чаргінец на сустрэчы з чытачамі
Мікалай Чаргінец уласным прыкладам падцвердзіў, наколькі карыснымі могуць быць сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі ў па-сучаснаму абсталяваных кнігарнях.
Саюз пісьменнікаў Беларусі сумесна з ААТ “Белкніга” распачынае шэраг творчых сустрэч у кнігарнях рэспублікі. Першая з іх адбылася днямі ў кнігарні “КнігаПоліс”, што па вуліцы Сурганава ў Мінску. Уладзімір Дарашэвіч, даўні сябра Мікалая Чаргінца і былы калега па міліцэйскай службе, заўважыў сімвалічнасць у выбары месца сустрэчы: калісьці Мікалай Іванавіч нёс службу менавіта ў гэтым раёне.
Як прызнаўся сам пісьменнік, да Мінска у яго асобыя адносіны. Былі прапановы на высокія пасады ў іншых месцах, але Мінску ён здрадзіць не мог. Гэта горад, дзе ён нарадзіўся і куды з асаблівым пачуццём – свайго, роднага – заўсёды вяртаўся з далёкіх дарог. Тут, у раёне Камароўкі, прайшло галоднае ваеннае дзяцінства, цяжкія пасляваенныя гады. Юнаком ён пайшоў працаваць на прыборабудаўнічы завод імя Леніна. Адтуль трапіў на службу ў міліцыю. “Дарос” да начальніка крымінальнага вышуку МУС БССР. У пачатку 70-х Мікалай Чаргінец узяўся за пяро і з цягам часу набыў вядомасць як пачынальнік жанру міліцэйскага дэтэктыву.
З 1984-га па 1987-ы выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Пасля працаваў начальнікам Упраўлення крымінальнага вышуку МУС, старшынёй Камітэта па сацыяльнай абароне ваеннаслужачых, ветэранаў вайны і ўшанаванню памяці загінуўшых пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Тройчы быў абраны ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу. З 1998 па 2008 прадстаўляў нашу краіну ў ААН. З лістапада 2005 года – старшыня Саюза пісьменікаў Беларусі. За разнапланавыя дасягненні ў галіне культуры і навукі, літаратуры і палітычнай дзейнасці прозвішча Мікалая Чаргінца занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса.
Чалавеку незвычайнага лёсу, які прайшоў праз шматлікія выпрабаванні, яму ў дзень сустрэчы было што расказаць чытачам.
– Пісьменнік павінен пісаць толькі пра тое, што добра ведае, – упэўнены Мікалай Чаргінец, аўтар больш 50-ці кніг. Раманы апошніх гадоў “Сыны”, “Операция “Кровь”, як і папярэднія яго творы, кранаюць сваёй гістарычнай праўдай. Пераведзеныя больш чым на 15 моваў свету, яго кнігі знайшлі свайго чытача і далёка за межамі Радзімы. Мікалай Іванавіч прызнаецца, што не ўсе свае выданні мае ў асабістай бібліятэцы. У прыватнасці, няма некаторых з тых, што выдаваліся за мяжой.
Зараз пісьменнік працуе над уласнымі мемуарамі. Розныя аўтары ўжо апісвалі пэўныя эпізоды з багатага на падзеі жыцця Мікалая Чаргінца. Цяпер сам Мікалай Іванавіч пажадаў вярнуцца ў сваіх успамінах да мінулага.
Магчыма, многае з таго, што можа паслужыць добрым урокам, ад першай асобы прагучыць яшчэ больш пераканаўча.