З марай пра белы параход
Як вядома, у гэтым годзе спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння сусветна вядомага пісьменніка Чынгіза Айтматава, радзіма якога Кыргызстан. Яго творчасць заснавана на повязі з роднымі каранямі. У аснове выдатнейшых твораў пісьменніка нацыянальны характар кыргызаў – людзей стэпу, традыцыі духоўна багатага народа. Вялікі майстар мастацкага слова сумеў зрабіць надзвычай прыцягальнымі старонкі сваіх шматлікіх аповесцей і раманаў. Іх з захапленнем чытаюць новыя пакаленні.
Чынгіз Айтматаў меў цесную сувязь з Беларуссю. Па дадзеным Нацыянальнай кніжнай палаты Рэспублікі Беларусь у нашай крайне пабачыла свет 10 выданняў твораў гэтага пісьменніка. Іх агульны наклад склаў 334,8 тыс. экз., у тым ліку выйшлі 4 выданні ў перакладзе на беларускую мову накладам 35,8 тыс. экз. Самым выдаваемым аказаўся раман “Плаха”. Ён быў надрукаваны ў тым ліку і шрыфтом Брайля.
Чынгіз Айтматаў працяглы час меў шчырае сяброўства з народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым. Паміж імі вялася перапіска. Чынгіз Айтматаў вельмі чулліва ставіўся да свайго калегі, тонка адчуваў глыбіню яго творчасці: “Ваенная проза Васіля Быкава – адзін з лепшых празаічных набыткаў беларускай літаратуры. Лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён пісаў ад імя целага пакалення тых, хто ў юнацтве зведаў вайну і ўзмацніўся духам са зброяй у руках”.
Цёплае стаўленне Айтматава да Беларусі можна адчуць нават па такой маленькай у яго творы дэталі ў рамане «І даўжэй стагоддзя доўжыцца дзень»: «Яго Каранар усе гэтак жа ішоў у галаве размашыстым нястомным ходам, следам паспявалі па цаліне трактар з прычэпам, у якім поруч з нябожчыкам Казангапам самотна і цярпліва сядзеў яго зяць, муж Айзады, і за імі – экскаватар «Беларусь». А ўзбоч, то забягаючы наперад, то адстаючы, то прыпыняючыся па нейкай важнай прычыне, бег усе гэтак жа дзелавіта і ўпэўнена руды грудаты сабака Жолбарс». «– Вось што, вы як хочаце, – кінуў Жумагалі, – а я паеду магілу капаць. Мой абавязак вырыць яму, ды глыбей. Пакуль яшчэ час трывае. У цемры ніхто гэтым займацца не будзе. А вы тут як хочаце. І Жумагали скіраваўся да свайго экскаватара «Беларусь». Не марудзячы завёў яго, выкіраваў на ўскрай і паехаў міма на пагорак…»
Саюз пісьменнікаў Беларусі сумесна з Амбасадай Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь з 1 студзеня 2018 года аб’явілі літаратурны конкурс “З марай пра белы параход”. Ідэю правядзення конкурсу ўхвалілі і ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве, дзе вучыўся Чынгіз Айтматаў.
У арганізатараў конкурсу ёсць упэўненасць у тым, што конкурс набудзе шырокі розгалас і да яго далучацца многія творцы. Літаратурная спадчына Чынгіза Айтматава варта таго, каб да яе звяртацца зноў і зноў. Айтматаў і сёння гэткі ж блізкі беларусам пісьменнік з прыгожай і загадкавай краіны – Кыргызстана. Ён і сёння вучыць нас сябраваць, дапамагае народам больш спазнаваць адзін аднаго.
Алена Стэльмах,
першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі