Выхаваем кнігалюба: міжнародны семінар аб’яднаў бібліятэкараў, пісьменнікаў, педагогаў
«Дзіцячае чытанне: праблемы, пошукі, рашэнні» – міжнародны семінар пад такой назвай аб’яднаў бібліятэкараў, пісьменнікаў, педагогаў. Ініцыятарамі правядзення прадстаўнічага форуму сталі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, ДУ «Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска», Камітэт па арганізацыі абслугоўвання дзяцей ББА.
Кніга або інтэрнэт? Гэта пытанне апошняе дзесяцігоддзе не страчвае сваёй актуальнасці, нягледзячы на, здавалася б, відавочны адказ. Інтэрнэт паланіў не толькі моладзь, пенсіянеры з ахвотай адольваюць камп’ютарную грамату.
І ўсё ж нават тэхнічны прагрэс не мяняе прыроду чалавека: кніга застаецца непераўзыдзенай крыніцай чалавечых эмоцый. Менавіта кнігі, самыя розныя, вабяць сваёй унікальнай магчымасцю быць рэальным прадметам для захаплення.
На думку кандыдата педагагічных навук, дацэнта кафедры псіхалогіі і педагогікі Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў Галіны Сперанскай, толькі чытанне кніг можа па-сапраўднаму развіць асобу. Падчас чытання ўзнікаюць мастацкія вобразы, уяўленні, якія спрыяюць больш істотнаму, індывідуальнаму ўспрыманню аўтарскага тэксту. У той час як, напрыклад, у фільме рэжысёр прапануе гледачу сваё бачанне сюжэту. Такім чынам, вобраз Чабурашкі з любімага мультфільма ва ўсіх нас аднолькавы. Ці можа быць цікавай трафарэтная асоба?
Прывучыць дзяцей да чытання з маленства – гэтаму прысвячаюць свой лёс бібліятэкары, разумеючы сваю вялікую адказнасць за выхаванне духоўна развітых юных беларусаў.Таму такім творчым стаўся міжнародны семінар апантаных любімай справай аднадумцаў.
ТаццянаШвед, дырэктар ДУ «Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска», пацвердзіла:
– Мы добра разумеем, што пазіцыяніраваць кнігу і чытанне ў новым часе трэба ў новай якасці. У сталічных бібліятэках выкарыстоўваюцца такія навінкі, як «лібмоб» – бліц-апытанне «Хто ведае дарогу ў бібліятэку?». Адказаўшы правільна атрымліваюць смайлік, а «нязнайкі» – каляндар з адрасам бібліятэкі і кантактнай інфармацыяй. Выклікае цікавасць і «Літаратурны дыліжанс» – гульня па краязнаўчай, геаграфічнай, гістарычнай, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры.
Да прадстаўнікоў бібліятэчнай супольнасці Беларусі далучылісяі калегі з Расіі. Наталля Глоза, якая прадстаўляла ЦБС Петрадварцовага раёна Санкт-Пецярбурга, пазнаёміла з вопытам рэалізацыі праграмы «Выхаваем кнігалюба» у біблятэцы сямейнага чытання г. Ламаносава. Алеся Бухал, галоўны бібліятэкар Белгародскай дзіцячай бібліятэкі А. Ліханава, падзялілася вопытам арганізацыі тэматычных web-турніраў як мадэлі прыцягнення ў чытацкую пазнавальную дзейнасць падлеткаў. Людміла Максімава з Маскоўскай абласной дзяржаўнай дзіцячай бібліятэкі прадставіла праект «Юны эколаг Падмаскоўя», які ажыццяўляе біліятэка сёлета, у Год экалогіі ў Расіі, сумесна з Маскоўскім заапаркам.
Марыя Ліпень