Елена Стельмах участвовала в открытии выставки талантливой землячки
Дзяржынскія мастакі ў калядныя дні новага года атрымалі выдатны падарунак. У Станькаўскім сельскім Доме культуры адкрылася выставачная зала. Такую прыемную навіну паведамляе дырэктар Дома культуры Таццяна Жывіцкая. Больш таго, у выставачнай зале ўжо пабывала шмат наведвальнікаў, якія пакінулі ўзрушаныя водгукі. Прыцягнула ўвагу першая выстава, прысвечаная творасці Алесі Зінькевіч. “Мой сон” – так прадставіла маладая мастачка з вёскі Дуброва Дзяржынскага раёна свае работы апошніх гадоў.
У лёсе Алесі ўсё складана і надзвычай проста. Здароўе абмяжавала яе пэўныя жыццёвыя прыярытэты. І разам з тым талент дазваляе ёй бачыць свет ў дзівосных фарбах так званага наіўнага мастацтва. Дзяўчына настолькі захоплена маляваннем, што да свайго трыццацігадовага ўзросту дасягнула ўзроўню сталага майстра.
-Малявала з дзяцінства і раздавала карцінкі сябрам, якія ім надзвычай падабаліся, — расказвае Алеся. – У Чэрнікаўшчынскай сярэдняй школе, дзе вучылася, ухваляючы мае малюнкі, падказалі звярнуцца ў Дзяржынскую школу мастацтваў. Я ўжо даўно выйшла з узросту яе вучаніцы, але па-ранейшаму, дзякуючы падтрымцы яе педагогаў, маю магчымасць маляваць.
Як вядома, да наіўных мастакоў належаць тыя творцы, якія ў сілу розных абставін не змаглі атрымаць прафесійную мастацкую адукацыю.
— Алеся з тых, надзеленых асаблівым талентам людзей, — расказвае дырэктар Дзяржынскай школы мастацтваў Уладзімір Шчарбін, — якому спатрэбілася даць у рукі добры пэндзаль і навучыць правільна змешваць фарбы. Прыцягальнасць яе работ менавіта ў наіўным стылі іх выканання.
На першы погляд карціны мастачкі простыя. Іх вызначае пэўная дэкаратыўнасць, у нечым дзіцячасць, падобная на тэхнічную “няўмеласць”. Але тая шчырасць і свежасць мастацкага пачуцця, якое ўласціва Алесі Зінкевіч, робіць яе кожны новы твор пэўным шэдэўрам.
-Год ад году ўсё больш прыкметны прафесійны рост Алесі, — расказвае Наталля Ермаловіч, загадчык сектара”Велікасельскага Дома творчасці” Дзяржынскага раёна. – Яна па-майстэрску спалучае традыцыйныя прыёмы з іх імправізацыяй, дзякуючы чаму карціны пачынаюць набываць аб’ёмныя формы і філасофскае гучанне. Алеся выпрацавала сваю непаўторную тэхніку і свой асаблівы каларыт. Малюе многа, самааддана, з любоўю…
Сціплая Алеся прыадкрывае таямніцы свайго чароўнага сна:
-Яны звязаны з нашай беларускай прыродай. Люблю родныя ваколіцы: луг, поле, лес. Там сярод траў, кветак, дрэў, птушынага шматгалосся адчуваю сябе па-сапраўднаму шчаслівай.
Як не дзіўна, але і лясныя звяры выходзяць ёй насустрач. І ў гэтым няма боязні, наадварот, адчуваецца сяброўства, еднасць чалавека з прыродай.
Мама Алесі, Надзея Аляксееўна, ва ўсіх справах сапраўдная абярэжніца дачкі, хвалюецца, калі тая позніцца. Ведае яна і тое, што пасля вось такіх вандровак у Алесіным пакоі будзе доўга гарэць святло. Уражанні ад ўбачанага да раніцы стануць явай на мастацкім палатне.
Менавіта таму і такой чуллівай атрымалася выстава Алесі ў Станькава. Кожная карціна мастачкі – шчырая “размова” з натурай – небам, зямлёй, вадой… Яна выказвае сваё захапленне прыродай, павагу да яе, дзіваванне фарбамі розных пор года. Свет ў работах Алесі чысты, у ім няма фізічнага і маральнага насіллля, жорсткасці. Разам з аўтарам можна адправіцца ў падарожжа да каралеў года, зацірнуць за гарызонт і ўбачыць залатыя купалы і горад, дзе людзі жывуць у ладзе ды згодзе. А можна і зажмурыць вочы ад знянацку пырснутых на цябе сонечных промняў…
У кнізе водгукаў – самыя розныя запісы ўдзячных наведвальнікаў, але ўсе яны сыходзяцца ў адным:
-Алеся, ты дорыш тую радасць, якой у сучасным свеце вельмі не дастае. Гэта радасць чысціні, святла, прыгажосці асобнага кутка прыроды, дрэва, лісцейка і ўсяго Божага Свету. Твае карціны – ачышчаюць душу, напаўняюць яе непераможнай сілай дабра. Дзякуй, што дазволіла зазірнуць у твае мары, твой сон.
Запрасіўшы ў падарожжа ў Станькава, дзе, як вядома, многа ўсяго цікавага, а зараз да таго ж і адкрыта незвычайная выстава жывапісу, можна было б паставіць кропку. Але ўсё ж аповед будзе не поўным. Алеся жыве ў вельмі абмежаваных жыццёвых абставінах. Акрамя ўсяго іншага, у першую чаргу сродкі патрэбны на лекі. Утульнасць у доме яна стварае дзякуючы сваім карцінам. Дапамагае набыць пэндзлі, фарбы, рамкі для карцін, наогул падтрымлівае Алесю ў яе творчасці педагог па прызванню, вялікі прыхільнік мастацтва Наталля Ермаловіч. Наталля Мікалаеўна са шкадаваннем гаворыць пра тое, што многія са стаўшых знакамітымі “наіўных” мастакоў былі людзьмі беднымі. Сусветная слава прыйшла да іх запознена. Мы жывём у іншы час, і можам зараз зрабіць дабрачынны крок насустрач шчыраму творцу, як шырока адкрывае сваё сэрца для нас Алеся Зінькевіч.