Той самы «Дуб і Крумкач». Але па-новаму
На Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы адбудзецца тэатральная прэм’ера вядомага твора Алены Стэльмах «Дуб і Крумкач».
Спярша пісьменніца стварыла яго празаічны варыянт. Гэта казка-прытча пра дрэва, якое стаіць на месцы і 300 гадоў нікуды не зварушыцца. І пра птушку, якая мае крылы, лятае куды заўгодна. Але, калі да дуба ўсе туляцца, бо ён нясе радасць, усім зычыць дабра, то крумкача вабяць тыя мясціны, дзе бяда, кроў, слёзы. Там ён «Цар, бітваў Уладар». Пісьменніца разважае: хто з іх: дуб ці крумкач — больш карысны, значны, шчаслівы? Яна прапануе чытачу знайсці свой адказ на гэтае жыццёвае пытанне, задумацца над уласнымі поглядамі і паводзінамі.
Кніга «Дуб і Крумкач», напісаная Аленай Стэльмах у традыцыях беларускага фальклору, аформленая ў стылі нацыянальнай выцінанкі мастаком Уладзімірам Лукашыкам, выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» у 2017 годзе, і ўжо знайшла свайго ўдзячнага чытача. Твор уключаны ў школьную праграму па беларускай літаратуры для дадатковага чытання ў 9 класе.
Пісьменніца, схільная да літаратурнага пошуку, у мінулым годзе напісала паэтычны варыянт «Дуба і Крумкача», прадставіўшы яго ў форме п’есы.
П’есу разгледзілі ў Камерным драматычным тэатры ў Мінску і ў тэатральнай майстэрні Наталлі Башавай ужо ідуць рэпетыцыі з тым, каб урывак з твора прадэманстраваць юным чытачам падчас вялікага кніжнага свята. Рэжысёр абяцае напоўніць пастаноўку фальклорнай музыкай. Таму запрашаем усіх, хто цікавіцца беларускімі вытокамі, пабачыць гэту культурную з’яву.
Прэзентацыя Алены Стэльмах адбудзецца 8 лютага а 15 гадзіне на дзіцячай пляцоўцы выставачнага комплексу ў Мінску.
А ў Выдавецкім доме «Звязда» ужо новы мастак працуе над афармленнем п’есы «Дуб і Крумкач», каб стварыўшы кнігу, разам з тэатраламі і надалей вабіць захапляльным творам чытача.