«Каласы пад сярпом тваім». Кніга 2, глава 17 — чытаем класіку разам
Анлайн-чытанне рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” прайшло ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску. Да агучвання старонак знакамітага рамана далучыліся артысты, культурныя і грамадскія дзеячы, журналісты, бізнесоўцы.
На працягу двух тыдняў ажывалі вобразы і героі мінуўшчыны, аднаўляліся тагачасныя падзеі – гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча захапіў многіх яшчэ ў школьныя гады, і зараз ад таго ён стаў не менш захапляльным. Такія творы варта перачытваць, каб зразумець іх глыбіню і значнасць у фарміраванні нацыянальнай свядомасці беларусаў.
Алена Стэльмах, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі:
— Мне было вельмі прыемна аказацца ў ліку чытальнікаў любімага твора. Апошнія главы рамана, якія давялося агучваць, напоўнены драматызмам, як і ўвесь раман чытаецца на вельмі высокай ноце.
Уладзімір Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”. Фінал рамана:
Корчак вядзе незадаволеных сялян шукаць у царкве «сапраўдную» царскую грамату. Загорскі, калі даведаўся пра гэта, скача спыніць несвоечасовы бунт. Ён спазніўся. Калі прыскакаў у Гарыпяцічы, ля царквы і на вуліцы ляжалі забітыя і параненыя. Загорскі загадвае знесці ўсіх у прастарнейшую хату, аказвае параненым, сялянам і людзям Корчака, медыцынскую дапамогу.
Алесю пагражае спачатку Корчак, потым Мусатаў. Аднак Загорскі вывеў з-пад удару людзей. Ён едзе дамоў, пад «хатні арышт», які, трывожачыся за князя, наклаў на яго Ісленьеў.
Пакуль спее паўстанне, Алесь Загорскі вылівае свае думкі пра волю і шчасце народа вершамі.
«Каласы пад сярпом тваім» / Кніга 2 Глава 17. Чытаюць Яўгенія Кульбачная — актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Алена Стэльмах — першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”: