Публикации

Да Радзімы душой прытуліцца

Газета «ЛІМ» , лістапад 2013 г.

  Чым больш паглыблена вывучаецца тэма краязнаўства, тым больш узбагачаюцца скарбы нашай гісторыі, культуры, адкрываюцца імёны беларусаў, якія ў розныя часы пацвердзілі высокую нацыянальную годнасць. Падзеямі такога кшталту быў напоўнены мінулы год на Дзяржыншчыне. Пра іх значнасць для сучаснікаў – інтэрв’ю з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Аленай Стэльмах.

IMG_1732

– Алена Анатольеўна, дзякуючы Вашай грамадскай ініцыятыве на Дзяржыншчыне нададзены новы імпульс краязнаўчай рабоце. Раскажыце, калі ласка, пра гэта падрабязней.

– Штуршком да гэтага стаў лёс маёй роднай вёскі Навасады. Археолагі, калі даследавалі навакольныя мясціны, знайшлі ляпную штрыхаваную і ганчарную кераміку, якая адно-сіцца да ранняга жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі. Гэта значыць, што людзі жылі тут 2000-2400 гадоў назад. Па афіцыйных даведках, вёска вядомая з ХYIII стагоддзя.

У Навасадах часта бываў вядомы прадстаўнік беларускага адраджэння Карусь Каганец, і не толькі таму, што тут жылі сваякі яго жонкі Ганны Пракаповіч. Яго захапляла бурлівая плынь вясковага жыцця. Аб ўзроўні свядомасці яе жыхароў сведчыць той факт, што яшчэ ў 1885 годзе тут была адкрыта школа граматы. Так небеспадстаўна ў Каруся Каганца фарміраваўся рэвалюцыйны светапогляд. Дарэчы, у 1905 годзе ён трапіў у Мінскую турму за агітацыйную дзейнасць сярод сялянства Койданаўшчыны.

У савецкі час вёска ўтварала калгас, уваходзіла ў склад Навасадскага сельсавета. У гады вайны ў тутэйшых лясах актыўна дзейнічалі партызанскія атрады. Навасады ледзьве не напаткаў лёс суседніх спаленых вёсак. У пасляваенны час вяскоўцы аплаквалі загінуўшых, але не зламаліся. Дапамагалі адзiн аднаму, арганізоўвалі “складчыны”, ні ў чым не адчувалася зайздрасці. Перажыўшы вялікае гора, людзі па-асабліваму цанілі жыццё.

Казалі, раней з вясковай гары быў бачны будынак Опернага тэатра ў Мінску. Агні сталіцы нібы магнітам прыцягвалі моладзь. Навасады прыціхлі. Як маці, страціўшая дзяцей, вёска пачарнела стрэхамі, здала. Дакорліва глядзіць цёмнымі аканіцамі, моліць: не дайце сысці ў нябыт.

Вось таму 1 чэрвеня тут ладзілася вялікае свята, на якое людзі завіталі і зблізку, і здалёку. Многім хацелася “душой да Радзімы сваёй прытуліцца”. І ў гэтым ёсць глыбінная сутнасць нас, беларусаў. Як сказаў паэт, “усе мы з хат…” Аграгарадкі – апірышча сучаснага аграпрамысловага комплексу. Выдатна, калі там для працаўнікоў створаны ўмовы на ўзроўні гарадскіх. Але ж сапраўдны нацыянальны дух жыве менавіта ў так званых неперспектыўных вёсках, дзе насамрэч стагоддзямі фарміраваліся культура, традыцыі, звычкі беларусаў. Адсюль ідуць вытокі матчынай мовы.

Свята Навасадаў ператварылася ў своеасаблівы рух вёсак на Дзяржыншчыне. За ідэю сабрацца разам жыхары і ўраджэнцы Крыштафова, а затым і Дзямідавічаў ухапіліся як за магчымасць наталіць смагу з жыватворнай крыніцы. Яны звярталіся і да гістарычнага мінулага сваіх паселішчаў, і прыбіралі іх, нібы нявест да шлюбу. У чаргу на святочны “збор” выстраіліся суседнія вёскі Машніца, Павуссе. Гэты ўзнёслы патрыятычны парыў знітавання са сваёй малой Радзімай ідзе з глыбіні народа. Таму краязнаўчы праект перарос у пэўную грамадскую з’яву.

– Працягам краязнаўчых пошукаў стала і правядзенне свята ў гонар 145-годдзя з дня нараджэння згаданага вышэй Каруся Каганца. Як гэта адбылося?

– Карусь Каганец застаецца асобай па-са-праўднаму не раскрытай, недаацэнены яго ўклад у нацыянальна-вызваленчы рух на Беларусі. Ён быў сярод першых беларускіх мысліцеляў, хто асэнсоўваў грамадскія працэсы, якія адбываліся на мяжы двух стагоддзяў, выказваў сваё стаўленне да іх як праз асветніцтва, так і праз літаратурныя вобразы. Дарэчы, сюжэт яго камедыі “Модны шляхцюк” папярэднічаў стаўшай знакамітай купалаўскай “Паўлінцы”. Вядома, што значную частку жыцця ён правёў сярод працоўнага сялянства і меў пры гэтым узровень вучонага-мовазнаўцы, фалькларыста, мастака, скульптара.

Хто, як не землякі, будзе ў поўны голас гаварыць пра спадчыну Каганца, адкрываць новыя старонкі ў дзейнасці рознабаковага творцы? Так нарадзіўся яшчэ адзін краязнаўчы праект, вынікам якога стаў літаратурны маршрут па Койданаўскіх мясцінах Каруся Каганца. Ён пачынаецца з могілак у Вялікіх Навасёлках, дзе знайшоў апошні прытулак нястомны змагар. У музеі мясцовай школы сабраны багаты матэрыял пра ўвесь род Кастравіцкіх. Тут жа, у Навасёлках, можна агледзець будынкі былога панскага маёнтка. Затым – шлях на Юцкі, побач з якімі, ва ўрочышчы Лісія Норы, знаходзілася сядзіба Каганца. Час знішчыў яе рэшткі. Таму далей – у Навасады, дзе расце трохсотгадовы дуб і стаіць такая ж старадаўняя хата – сведкі часоў Каганца. Падарожжа па вясковай вуліцы наводзіць на роздум пра сутнасць жыцця. А Навадская крынічка, што бруіць непадалёку ад замчышча, легенду пра якое занатаваў Каганец, сведчыць пра яго бясконцасць….

– Адзін з апошніх праектаў – ушанаванне памяці Адольфа Янушкевіча. Што значыць гэта прозвішча, гэтая асоба для Дзяржыншчыны?

Магчыма, пакуль па-сапраўднаму не ацэнена роля і значнасць асобы Адольфа Янушкевіча не толькі на Дзяржыншчыне, але і наогул у нашай краіне. Ён адносіцца да ліку тых беларусаў, хто праявіў сябе на чужыне. Таму такім доўгім аказаўся шлях да асэнсавання зробленага ім. Большай павагі да літаратурнай і навуковай спадчыны Янушкевіча патрабуе яго ўклад ў папаўненне скарбаў сусветнай гісторыі і культуры.

Адольф Янушкевіч, як нямногія ссыльныя, адбыў тэрмін пакарання да апошняга дня. Весткі з дому ад родных, блізкіх надавалі яму сілы. Сам ён адправіў у Дзягільна больш за 600 лістоў. Адсюль, напрыклад, яму пасылалі насенне, якому ён вельмі радаваўся, бо ў Сібіры змог закласці сваю бахчу.

Вярнуўся нястомны падарожнік на бацькоўскую сядзібу ў Дзягільна ў 1856 годзе. Але толькі год адвёў яму лёс на сустрэчу з Радзімай…

Імя такога ўзроўню – гонар для любога беларуса, а тым больш для дзяржынцаў.

– Хто спрычыніўся да мемарыялізацыі імя Адольфа Янушкевіча ў першую чаргу?

– Істотны пасыл цікавасці да даследвальніка гісторыі казахскіх качэўнікаў быў дадзены ў 1966 годзе, калі Фаіна Сцяклова ў Алма-Аце пераклала на рускую мову яго падарожныя “Дзённікі”.

Крыху пазней на Дзяржыншчыне рабіўся шэраг захадаў з боку мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея, археолагаў Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, проста неабыякавых людзей па пошуку на сямейных (старых Панскіх) могілках месца пахавання знакамітага земляка. Пра яго пісала рэспубліканская і мясцовая прэса. Было вядома, што пэўныя даследванні вядуць навукоўцы, школьнікі.

Пераклад з польскай мовы кнігі “Жыцьцё Адольфа Янушкевіча і яго “Лісты з кіргізскіх стэпаў”, зроблены Ганнай Суднік-Матусэвіч, таксама паспрыяў росту цікавасці да гэтай асобы. Настойліва з’яўляліся звесткі пра высокія нацыянальныя пачуцці казахаў да выхадца з Беларусі, які прадказаў гэтаму народу вялікую будучыню.

Аднак многія даследчыкі працавалі асобна. Патрэбна было з’яднаць агульныя намаганні для больш грунтоўнай работы. Добрай падставай таму стала 210-годдзе з дня нараджэння Адольфа Янушкевіча. Працэс пайшоў актыўней, калі да добраўпарадкавання могілак падключыўся намеснік старшыні Камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Цыдзік. Пры падтрымцы Дзяржынскага райвыканкама, розных арганізацый раёна, добраахвотных памочнікаў могілкі набылі новы выгляд.

У гэты час была рэалізавана даўняя задумка скульптара Валяр’яна Янушкевіча. Белая каплічка з бронзавай выявай Маці Божай з дзіцем над магілай маці – Тэклі Сакалоўскай – стала сімвалам павагі да “самай лепшай маці на свеце”, як гаварыў пра яе старэйшы сын Адольф.

– Мерапрыемствам, звязаным з памяццю пра Адольфа Янушкевіча, нада-дзены міжнародны статус. Як гэта атрымалася? І наколькі вядомы беларус Янушкевіч у свеце?

– Навіна пра тое, што ў Дзяржынску будзе ладзіцца свята у гонар Янушкевіча, уразіла маштабнасцю яе ўспрыняцця ў свеце. Першым адгукнуўся казахскі рэжысёр, які жыве ў Ізраілі, Сяргей Шафір. Асобная частка яго дакументальнага фільма “Урокі польскага” прысвечана Адольфу Янушкевічу. Зараз ён мае матэрыял для стварэння асобнай кінастужкі. На думку Сяргея Шафіра, гэта можа быць сумесны гісторыка-культуралагічны праект Беларусі, Казахстана, Расіі і Польшчы.

Сваю павагу да Адольфа Янушкевіча выказалі госці з Казахстана, якія прыехалі, каб прыняць удзел ва ўрачыстасцях. Яны гаварылі пра значнасць ролі знакамітага падарожніка, этнографа, пісьменніка не толькі для захавання культурнай спадчыны казахскага народа. Казахскі пісьменнік Хакім Амар перакананы, што Янушкевіч, праявіўшы талент вялікага цюрколага, у сваіх працах пакінуў унікальнае сведчанне пра значэнне качэў-нікаў у развіцці сусветнай цывілізацыі.

Прынята лічыць, што А. Янушкевіч зрабіў важкі ўклад у рускую, польскую, казахскую, беларускую, украінскую і нават англійскую культуру. Удзельнікі Міжнародных Койданаўскіх чытанняў, якія адбыліся ў Дзяржынску, сышліся на тым, што гэта імя сусветнага ўзроўню.

– Што, на Ваш асабісты погляд, трэба яшчэ зрабіць дзеля захавання памяці пра Янушкевіча на Беларусі?

– Трэба прызнаць: зроблена зусім мала ў параўнанні з тым, чаго па-сапраўднаму вартая гэта Асоба. Госці з Казахстана шчыра казалі, што планавалі ехаць у Польшчу, у Варшаву – збіраліся там шукаць звесткі пра Янушкевіча. Ды і мы не былі ў тых мясцінах, дзе адбываў высылку знакаміты зямляк. Верагодна, што і жывучы ў Ніжнім Тагіле, і працуючы бібліятэкарам Дзямідавіцкай бібліятэкі, ён праявіў не меншы талент, чым гэта вядома пра яго казахстанскі перыяд. Пасля наведвання Нясвіжа і Міра казахі ўзнёсла гаварылі пра гістарычную ролю беларусаў: “Тут жа быў цэнтр фарміравання сусветных прагрэсіўных ідэй”. Міжнародныя Койданаўскія чытанні пацвердзілі значнасць Дзяржыншчыны ў гэтым працэсе. Янушкевічы, Чапскія, Кастравіцкія – прадстаўнікі кожнага з гэтых радоў знакамітыя па-свойму, а ўсе ж яны былі суседзямі. Гэтыя факты могуць стаць тэмамі для новых навуковых даследванняў, нагодай для распрацоўкі турыстычных маршрутаў па мясцінах Беларусі, звязаных з адметнымі людзьмі.

Ёсць прапанова стварыць спецыяльны фонд імя Адольфа Янушкевіча. Яе агучылі прадстаўнікі Казахстана, на гэтым настойваў у час Койданаўскіх чытанняў і наш шаноўны прафесар Адам Мальдзіс. Фонд сапраўды можа стаць каардынацыйным цэнтрам розных накірункаў работы. Напрыклад, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Мікалай Крывальцэвіч плануе весці далей археалагічныя пошукі на сямейных (старых Панскіх) могілках Янушкевічаў. Супрацоўнікі Дзяржынскай цэнтральнай бібліятэкі мяркуюць выдаць зборнік па выніках Койданаўскіх чытанняў. Казахі задумалі стварыць фільм. Дэпутацкі ўзровень – працяг работ па мемарыялізацыі могілак.

Гучнасць імені могуць надаць і вуліцы, установы адукацыі, культуры, названыя у гонар Янушкевіча, як гэта ўжо зроблена ў галоўных гарадах Казахстана. На маю думку, у нас лагічна гэта пачаць з Дзяржынска, Нясвіжа.

Мерапрыемствы па ўшавананню імені Адольфа Янушкевіча могуць стаць прыкладам аднаўлення гістарычнай памяці, у тым ліку і штуршком да таго, каб працягваць даследванні закінутых могілак, дзе спачываюць незаслужана забытыя нашы продкі. Імёны многіх з іх маглі б паслужыць на карысць нашчадкам, як гэта адбылося з асобай Адольфа Янушкевіча, што сваім жыццёвым прыкладам і сёння яднае народы.

– Вы з’яўляецеся членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ці можа так стацца, што некаторыя Вашы краязнаўчыя ініцыятывы стануць кнігамі, публікацыямі ў часопісах і газетах?

– Да свята вёскі Навасады разам са сваім земляком, вядомым карыкатурыстам Анатолем Гармазой мы выпусцілі спецыяльную газету “Навасадская крынічка” – пра лёс вёскі і яе жыхароў. Вельмі цаню гэта выданне. Там і мой нарыс “Радзіма мне пахне антонаўкай”. Дарэчы, свята вёскі агучылі 14 газет і тэлерадыёканалаў. Такія прыцягальныя нашы карані.

У творах Каруся Каганца знайшла шмат спасылак на навасадскія краявіды, тутэйшыя мясціны. Многія яго словы гучаць мне такімі, якімі чула іх у вёсцы з дзяцінства. Атрымалася своеасаблівае даследванне “Я-то, у Навасады паджгаў” – вёска ў жыцці і творчасці Каруся Каганца. Калі пасяджу яшчэ ў архівах, можа скласціся кніга. Выдаць яе лічу сваім абавязкам перад месцам, дзе з’явілася на свет. Мару такім чынам прыцягнуць да Навасадаў увагу дзелавых людзей. Лепшых умоў для развіцця агратурызму не знайсці.

Асэнсоўваючы веліч і значнасць асобы Адольфа Янушкевіча, разам з паплечнікамі хацела надаць больш шырокі грамадскі рэзананс яго імені. Чым больш даведваюся пра Янушкевіча, тым больш здзіўляюся сіле яго духу. Мне здаецца, яна перадаецца ўсім, хто глядзіць у вышыню, дзе гарыць яго зорка. Хаця ў інтэрнэце сутыкнулася і з такім меркаваннем ( піша “Іваныч”): “ Поўная бязглуздасць. Адкапалі нейкія камяні ў лесе – і адразу даніна памяці, шэсце. Грошы і час можна скарыстаць больш рацыянальна…” Хочацца сказаць услед чалавеку: “Былі мы ўжо Іванамі, якія не памятаюць радства”. Таму і мае будучыя публікацыі — пра тое, што ў нашых генах кроў нашых продкаў, і прыйшлі мы на гэтую зямлю не проста так. Што пакінем пасля сябе?..

В. Навумава

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.