Славянскі базар у Віцебску як сусветная культурная з’ява
Дні, а разам з тым і ночы, «Славянскага базару ў Віцебску» запаўняюць не толькі гарадскую прастору старадаўняга горада з насельніцтвам пад 400 тысяч жыхароў. Рэха фестывалю разносіцца далёка за яго межамі. Пра гэта ў першую чаргу сведчаць імёны прадстаўнікоў розных краін, якімі мільгаюць фестывальныя афішы, песеннае рознагалоссе ўдзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў, як між іншым, і засведчаныя інтэрнэт-пошукі сяброў фестывалю з самых аддаленых куткоў планеты.
Фестываль ужо даўно стаў падзеяй, якая павінна адбыцца пры любых абставінах. Як, напрыклад, своеасаблівым брэндам гэтых дзён ліпеня сталі звонкія бруі музыканта-дажджу, распушчаныя парасоны, быццам спушчаныя на святочны горад з нябёсаў аблокі. Цікава, якім бы цяперашні Віцебск прадставіў на сваіх палотнах Марк Шагал?
Прадстаўнікі розных відаў мастацтва, журналісты, запрошаныя 12 ліпеня ў міжнародны прэс-цэнтр «Славянскага базару ў Віцебску» на круглы стол «Культура і мастацтва як крыніца развіцця духоўна-маральных каштоўнасцяў. Роля СМІ ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў «, выказалі сваё разуменне ролі Славянскага базару ў рэаліях сучаснага свету.
Асабіста мне, прадстаўляючы на гэтым прэстыжным культурным форуме ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, хацелася нагадаць пра першыя фестывальныя гады. Як з маладым запалам мы рулілі на сваёй машыне ў Віцебск і радаваліся, што ўдалося патрапіць на конкурс дзіцячых выканаўцаў. Тады руйнавалася магутная краіна, у якой худа-бедна, хісткая сістэма прызвычайвала да нечага адладжанага. Нават чэргі, талоны ў крамах мелі свой парадак – свою даўжыню, напісаны на руцэ канкрэтны нумарок. І тут пузыр лопнуў. Яму больш ніколі не надуцца, як ні старайся – не пніся.
Тады ідэя правядзення Славянскага базара ў Віцебску была нечым накшталт выратавальнага кола ў бурлівым акіяне пачынаўшых аддзяляцца былых саюзных рэспублік. Тады не думалася пра тое, якім будзе, як скажуць пазней, “парад суверэнітэтаў”. Выхаваным савецкай сістэмай, хацелася верыць у былое сяброўства. Верылася, што яно непарушнае на заўсёды. Колькі песен пра тагачасныя кранальныя паміж людзьмі розных нацыянальнасцей стасункі сталі сапраўднымі хітамі. Яны і зараз ускалыхваюць сэрцы, у якой бы краіне былой савецкай прасторы не гучалі.