ІІІ Міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час» пройдзе 8-9 лютага
Сустракацца ў пачатку лютага ў Мінску – традыцыя, якую надзвычай ухваляе міжнародная літаратурная супольнасць. У рэаліях сучаснага супярэчлівага свету, сцвярджаюць вядомыя замежныя літаратары, відавочна, як у Беларусі не толькі падтрымліваецца літаратурная творчасць, важкасць мае слова пісьменніка, кнігавыданне з’яўляецца адным з прыярытэтных клопатаў дзяржавы, але і прыкметны беларускі ўплыў на падтрымку іншых нацыянальных літаратур, жаданне праз літаратурныя здабыткі пракласці масты сяброўства ў блізкім і далёкім замежжы.
Мінская міжнародная выстава-кірмаш, у рамках якой праходзіць Сімпозіум, даўно стала пляцоўкай для актыўных дыскусій, абмену думкамі, нагодай для пашырэння перакладчыцкай дзейнасці. Тут выпрацоўваюцца новыя творчыя праекты, якія яднаюць творцаў розных краін, а іх слова – праўдзівае, сумленнае, шчырае – служыць міру і згодзе. Пра што, уласна, мараць усе народы. Такой думкі прытрымліваецца адзін з актыўных удзельнікаў міжнародных сімпозіумаў “Пісьменнік і час” Ато Хамдам, сустаршыня форума перакладчыкаў і кнігавыдаўцоў краін СНД і Балтыі, кіраўнік ўпраўлення “Літаратурныя сувязі пісьменнікаў Таджыкістана”.
Больш таго, Беларусь, яе багатае гістарычнае мінулае, прываблівы сучасны вобраз кожны раз па-новаму натхняюць замежных майстроў пяра. Нашай краіне яны прысвячаюць свае лепшыя творы. Пісьменнікі хочуць расказаць на сваёй Радзіме аб краіне, якую палюбілі ўсёй душой, і жадаюць гэту любоў памножыць сярод сваіх суайчыннікаў.
Сёлета выстава ў Мінску збярэ прадстаўнікоў больш дзесяці краін – Велікабрытаніі, Кітая, Казахстана, Латвіі, Польшчы… Найбольш прадстаўнічая дэлегацыя прыбудзе з Рассіі. У яе складзе і члены Клуба пісьменнікаў Каўказа паэт Адам Ахматукаеў (Чачэнская Рэспубліка) і вядомы балкарскі паэт Саліх Гуртуеў, стваральнік Клуба і яго ганаровы старшыня.
На пленарным паседжанні Сімпозіума замежныя госці далучацца да абмяркавання тэмы 500-годдзя беларускага кнігадрукавання як часткі сусветнай кніжнай гісторыі.
У Мемарыяльнай зале Саюза пісьменнікаў Беларусі замежныя літаратары разам з беларускімі калегамі, а таксама стваральнікамі літаратурнай перыёдыкі Беларусі за «круглым сталом» абмяркуюць важнасць выдання нацыянальных літаратурных часопісаў і газет. Імёны многіх творцаў, як замежных – у Беларусі, так і беларускіх аўтараў у іншых краінах сталі вядомы менавіта з друкаваных літаратурных крыніц. Дзякуючы чаму і чытач атрымаў магчымасць праз літаратуру даведацца пра нацыянальныя звычаі, традыцыі, культуру іншых народаў.
Акрамя таго, нашых гасцей чакаюць у дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Я. Коласа. Дырэктар музея Зінаіда Камароўская надзвычай рада такой сустрэчы. У яе планах – пашырыць творчасць Я. Коласа праз пераклады яго твораў на іншыя мовы. Так што і творчы, і дзелавы дыялог тут таксама абяцае быць.