Свята на востраве. Літаратары Дзяржыншчыны ў Станькава
Літаратары Дзяржыншчыны ўпрыгожылі паэтычным радком свята вёскі Станькава. Чароўная восень, якая блукае ў станькаўскім парку, натхніла іх на новыя творы
Па алеях старадаўняга парку ў Станькава гуляе чароўная прыгажуня-восень. Шэпчуць ёй умудроныя жыццём дрэвы пра свае думы-запаветы. Як з добрай сяброўкай, дзеляцца закружаным у вальсе лісцем, не здзейсненымі марамі. Не дзіва, што у такую натхнёную пару ў загадкавым парку любяць паэт і муза паблукаць. Бліскучы ў золаце кастрычнік, багацце дароў прыроды, адроджаная царква, яе беласнежны адбітак на гладзі станькаўскага возера, і нават шматдзетная сямейка лебядзей, пакуль не пакінушых родны кут, – усё гэта наводзіць на роздум аб будзённым і вечным, аб простым і ўзнёслым…
У сярэдзіне кастрычніка творцам Дзяржыншчыны прадставілася выдатная нагода не толькі пабываць у непаўторным кутку Беларусі, але і самім стаць непасрэднымі ўдзельнікамі свята. Адзначаўся дзень народзінаў славутага Станькава, якому пашчасціла мець багаты на шматлікія падзеі ўзрост — большы за чатыры сотні гадоў.
Месцам урачыстасці абралі той самы, аблюбаваны яшчэ ў часы графа Чапскага на ўскрайку парка востраў, з другога боку якога плешча свае хвалі Станькаўскае возера. Тут у пачатку мінулага стагоддзя адпачывалі знатныя асобы. Сёлета востраў, яго знакамітая альтанка, масткі, дзякуючы неабыякавым да гістарычнага мінулага людзям, набылі свой першазданны выгляд.
Святы, што ладзіліся ўлетку, вабілі не толькі выдатнай праграмай, але і незвычайнай аурай, поўнай духоўнасці і ўспакаення. І на гэты раз высокае майстэрства розных артыстаў выклікала ў гледачоў захапленне. А калі са сцэны загучалі паэтычныя радкі пра вёску, родную зямлю, нязменныя ў жыцці кожнага чалавека каштоўнасці, усе задуменна прыціхлі, каб потым гарачымі апладысментамі аддзячыць членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Рэўтовіч, Людмілу Круглік, паэта літаб’яднання “Выток”з Дзяржынска Уладзіміра Шымановіча. Вось так яно, слова жывое, роднае, сваё яднае нас з любай бацькаўшчынай, Радзімай.
Алена Стэльмах
На здымку: творцы з Дзяржыншчыны падчас правядзення свята