Новости

Песня ля Станькаўскай царквы аб вечным: веры, вясне, марах…

Гісторыя гэтага храма гэткая ж неадназначная, як і лёс чалавека. Царква будавалася па добрай волі графа Эмерыка фон Гутэн Чапскага,  уладальніка тутэйшай сядзібы «Станькава» і многіх прылеглых да яе тэрыторый. Граф, каталік па свайму вераспавяданню, узвядзеннем царквы,  рабіў  паклон праваслаўным вернікам. Засталіся розныя легенды — матывацыя яго ўчынку. Сярод іх і тая, што выслужваўся, хацеў заняць вышэйшы пост. Людской пагалосцы ўласціва шукаць падводныя цячэнні ў самых лепшых дабрачынных учынках. Будзем шчыра верыць, што гэта быў сапраўдны душэўны парыў вялікага чалавека. Тым больш, што і царка ў Дзяржынску — праваслаўная  спадчына графа Чапскага.

Тыя, хто бачыў рэшткі Станькаўскай царквы, свята верылі ў тое, што так пацярпела яна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.  Цяжка было ўразумець, што напаткаў яе незайздросны лёс у пачатку 60-х гадоў. Калі прарвала дамбу ў возеры, вайскоўцы нічога лепшага не прыдумалі, як расцягнуць бронемашынамі царкву, і  яе цэглай  умацаваць воднае збудаванне.  Казалі, патузаліся, царкву разбамбілі, ды так усё  і кінулі, не давёўшы дамбу да ладу.

Амаль паўстагоддзя абяздоленая царква нема зазірала ў людскія душы, просячы паратунку. Знаходзіліся ахвотнікі яе аднавіць, збіралі грошы. Але занадта няпростай аказвалася гэта справа, каб нават зрушыцца з месца.

Цяпер у царквы — новае жыццё. Сапраўднае дзіва, як яна зноўку пабачыла  Божы свет. Няхай у храме гучыць самая светлая малітва за тых, хто паспрыяў яе адраджэнню! Яе адлюстраванне зноўку белым лебедем глядзіцца на воднай гладзі, як калісьці задумваў тое граф Чапскі…

І тут, ля царквы, на старых прыступках, сімвалічна ўздымаецца да нябёсаў песня аб вечным: веры, вясне, марах…

 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.