Творчество друзей

Алесь Карлюкевіч. Літаратурнае пабрацімства. …І пустыню жывіць слова

Рэцензія на кнігу Алеся Карлюкевіча «Літаратурнае пабрацімства»  Беларусь-Туркменістан.

Літаратурнае пабрацімства Алеся Карлюкевіча мае прасцягі да цэлага суквецця нацыянальных літаратур: казахскай, армянскай, азербайджанскай… Аўтар многіх міжнароднага гучання выданняў, старанна даследуе ў ходзе развіцця шматлікія літаратурныя працэсы, што яднаюць творцаў Беларусі з пісьменніцкай грамадскасцю іншых краін, нярэдка прыводзіць прыклады высакародных чалавечых зносін паміж творчымі асобамі. Ён, спасылаючыся на папярэдні вопыт літаратурнага пабрацімства, не перастае падкрэсліваць вялікую значнасць міжнацыянальных стасункаў, як для самастойнага развіцця літаратур, так і для іх узаемапранікнення, у канчатковым выніку — для іх далейшага ўзбагачэння.
Што больш за ўсё радуе даследчыка – магчымасць самым дэмакратычным спосабам – праз літаратуру— пазнаваць народам адзін аднаго, ладзіць паміж сабой трывалае сяброўства. Гэты стваральны пасыл і ёсць своеасаблівы добразычлівы гарант, такога ўсім неабходнага, міру. Варта згадаць у гэтай сувязі адну з апошніх кніг Алеся Карлюкевіча – ёмкае міжнароднай літаратурнай вагой “Братэрства”.
І вось яшчэ адзін творчы накірунак аўтара, адлюстраваны ў асобным кніжным выданні. У “Выдавецкім доме “Звязда” на пачатку гэтага года пабачыла свет новая кніга Алеся Карлюкевіча пад адпаведнай назвай “Літаратурнае пабрацімства”. Гэта даўно чаканая падзея, бо, як вядома, прафесійная дзейнасць беларуса Алеся Карлюкевіча, выпускніка аддзялення журналістыкі Львоўскага ваенна-палітычнага вучылішча, пачалася менавіта на гарачай туркменскай зямлі – у Ашхабадзе. Пасля службы на чужыне вярнуўся дахаты ўжо даволі сталы творца з багатым літаратурным багажом, падмацаваным скарбам уласных уражанняў ад знаходжання на каларытным Усходзе. Кніга “Літаратурнае пабрацімства”як раз і стала тым узрушлівым аповедам пра гады адкрыццяў іншай культуры, памножаныя на шматлікія, выпрабаваныя часам на непарушнасць, знаёмствы, незабыўныя сустрэчы з туркменскімі майстрамі слова, тут жа — і пра спорыя крокі беларускіх творцаў да туркменскага чытача.

  Алесь Карлюкевіч з асаблівым піітэтам ставіцца да вялікага паэта і мысліцеля туркменскага народа Махтумкулі. Ён узнёслымі радкамі распавядае дзякуючы чаму Махтумкулі стаўся паэтам усяго чалавецтва; спрыяе повязі духоўнага натхняльніка ўсіх туркменаў з Беларуссю; робіць спасыл на папярэднія пераклады выбраных вершаў Махтумкулі, прадстаўленых у кніге“Салавей шукае ружу”, якая ў 1983 годзе пабачыла свет у Мінску ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” у серыі “Паэзія народаў СССР”.

Што яшчэ больш каштоўна — постаць Махтумкулі і ў новым тысячагоддзі родніць нашы народы. Знакавая падзея адбылася ў Мінску ў 2014 годзе, – у выдавецтве “Каўчэг” выйшаў у свет сапраўдны фаліянт — кніга паэзіі класіка туркменскай літаратуры “З кубка вечнасці мёд”. Алесь Карлюкевіч з гонарам гаворыць пра кагорту беларускіх творцаў, пераклады якіх далі магчымасць адчуць асалоду высокай паэзіі выбітнага туркмена. Да яго радкоў вечных духоўна-маральных каштоўнасцей у розныя часы спрычыніліся Анатоль Клышка, Артур Вольскі, Алег Лойка, Алесь Звонак, Уладзімір Паўлаў, Валянціна Коўтун, Рыгор Барадулін, Уладзімір Шахавец, Пятро Прыходзька, Казімір Камейша, Мікола Мятліцкі, Віктар Шніп.
Цікава, што вестуном беларускага мастацкага слова сярод туркменаў стаў наш класік – Якуб Колас, які на рускай мове надрукаваў апавяданне ў газеце Закаспійскай вобласці “Ашхабад“. Першыя кнігі народных песняроў Беларусі Купалы і Коласа пабачылі свет на туркменскай мове ў 1941 годзе.
Кніга “Літаратурнае пабрацімства” як раз і складаецца з вось такіх, па-сутнасці, літаратурных адкрыццяў, сёння, на жаль, мала вядомых шырокаму чытачу. А яны ж абуджаюць высокія нацыянальныя пачуцці, падкрэсліваюць даўнюю прыязнаць нашых народаў адзін да аднаго.
Калі разам з Алесем Карлюкевічам зрабіць яшчэ больш глыбокі гістарычны экскурс, то ўскалыхнуць сваім гуманістычным подзвігам практычна незнаёмыя беларусам імёны землякоў, якіх туркмены далучаюць да амаль легендарных. У сярэдзіне ХIХ стагоддзя ўраджэнец сучаснага Мядзельскага раёна на Міншчыне Аляксандр Ходзька, падарожнік па Туркменістане, запісаў паэтычныя тэксты Мухтумкулі і надрукаваў іх у Англіі. Такім чынам, беларус адкрыў Еўропе не толькі класіка туркменскай літаратуры, а праз яго ў поўны голас, годна заявіў аб туркменскім народзе на шырокай міжнароднай арэне.
Яшчэ больш высокай ацэнкі, на думку Алеся Карлюкевіча, варты падзвіжнік беларускага паходжання Аляксандр Пацалуеўскі, які 25 гадоў шчыраваў на так званым“туркменскім моўным будаўніцтве”. Яму ў кнізе прысвечаны вось такія радкі: “З усіх беларусаў фігура Пацалуеўскага для Туркменістана масштаба самага вялікага. І гібель яго ў землетрасенні 1948 года – страта незаменная”…
У тыя гады, калі беларуская зямля, зведаўшы на сабе ўвесь цяжар Вялікай Айчыннай вайны, пачала адраджацца ад ран, стыхія нанесла ўдар у самае сэрца туркменаў. Тое кастрычніцкае начное землетрасенне 1948 года ў Ашхабадзе названа адным з самых разбуральных у гісторыі чалавецтва. Кажуць, ні ў чым так яўна не выяўляюцца людзі, як у цяжкасцях. Прыкладамі самаадданай узаемадапамогі і ў гады вайны, і падчас стыхійнага бедства напоўнены старонкі “Літаратурнага пабрацімства”. Алесь Карлюкевіч высока цэніць людскую спагаду, памяркоўнасць, і разам з тым, асобна вылучае вартасць мужнага мастацкага слова. Яно, наперакор усім няшчасцям, сцвярджалася ў сэрцах людзей, як неперабораная сіла упэўнена брала верх над чалавечай трагедыяй.
Да глыбіні душы кранае прадстаўлены ў кнізе светлы вобраз туркменскай жанчыны – паэткі Агульбеке Аразбердыевай. Яна, настаўніца з аула, прыгожая ва ўсім – у патрыятычным парыве, з якім ехала на фронт, каб уручыць саматканы дыван з партрэтам Маршала Савецкага Саюза К. Ракасоўскага; у адносінах з каханым; у сваіх пранікнёных вершах… Толькі лёс стаўся нялітасцівым да яе, хутка абарваўся на недапісаным радку… Вядомай гэтая шчымлівая гісторыя стала дзякуючы яшчэ аднаму даследванню Алеся Карлюкевіча. Яго ён пачаў з Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, таго месца, дзе славуты дыван захоўваецца і зараз.
Дарэчы, многія з аповедаў даследчыка пачынаюцца менавіта са слоў: “прыйшлося прыкласці шмат намаганняў”, “я доўга шукаў”… Часам здаецца неверагодным, як яму ўдаецца не згубіць танюсенькую ніцейку памяці аб чалавечых лёсах, размытых у прасторы вірамі супярэчлівага часу?!
Уражвае расказанае Алесем Карлюкевічам пра нашых землякоў пісьменнікаў і журналістаў Мікалая Калінковіча, Міхася Карпенку, Аркадзя Марціновіча, Васіля Ткачова, Леаніда Чыгрына. Кожны з іх за тысячы кіламетраў ад Радзімы, праявіў вялікую годнасць беларусаў. Іх творчасць – важкі ўнёсак у культурную спадчыну нашых народаў.
З асаблівай павагай аўтар “Літаратурнага пабрацімства” ставіцца і да добрых сяброў беларускай літаратуры ў Туркменістане Агагельды Аланазарава, Атаджана Тагана, Какалы Бердыева. Самыя лепшыя словы ўдзячнасці гучаць і ў адрас перакладчыцкай працы народных паэтаў Туркменістана Керыма Курбанняпесава і Каюма Тангрыкуліева.
Да агульнай карціны “Літаратурнага пабрацімства” неабходна дадаць шматколерных фарбаў творчых здабыткаў дзіцячых туркменскіх пісьменнікаў. У розныя гады ў Беларусі выходзілі кніжкі, адрасаваныя юным чытачам: Берды Кербабаева, Ганны Кавусавай, Каюма Тангрыкуліева, Нуры Байрамава, Курбана Чаліева, Агагельды Аланазарова. “Кветкі Каракумаў” – так называецца анталогія туркменскай дзіцячай літаратуры, месцам выдання якой таксама стаў Мінск. І пра перакладчыкаў, і пра зборнікі, дзе, як яны выходзілі — распавядае ў сваёй кнізе цікаўны да творчасці сяброў даследчык.
Да таго ж, у кнізе яшчэ шмат імёнаў знакамітых людзей, чые творчыя, а ў каго і жыццёвыя, шляхі-дарогі так або інакш спалучаны з туркменскай зямлёй – Максіма Танка, Любові Філімонавай, Любові Турбіной, Браніслава Спрынчана, Міколы Чарняўскага, Янкі Сіпакова, Алеся Бадака… Аўтары адзінадушныя ў сваім прызнанні: астаўлены ў іх памяці след ад знаёмства з гэтым непаўторным краем “не заплыве ніякімі пяскамі”. Сапраўды, большую частку Туркменістана займае пустыня Кара-Кум. Той, хто хоць раз яе пабачыў, адчуў яе дыханне катэгарычна аправяргае ўсталяванае меркаванне аб нікчэмнасці, мёртвай маўклівасці гэтай часткі зямлі. Вось якой бачыцца пустыня ў кнізе “Літаратурнае пабрацімства”: “… Яна і з самалёта выглядае не менш уладарнай. Пляміста-жоўтая, у воспінах белых саланчакоў і такіраў, з перарывістымі выгінамі высахлых рэчышчаў, што нагадваюць арабскія імёны, яна такая ўсеабдымная…”
Хочацца памкнуцца наўздагон за аўтарамі гэтых радкоў Алесем Адамовічам і Какалы Бердыевым. Яны нявольна наводзяць на думку: пустыня – гэта акіян, пустэча ў душах – вось пустыня.
Таму Алесь Карлюкевіч так самааддана рупіцца сеяць у душах шматлікіх аматараў мастацкай літаратуры і ў блізкім, і ў далёкім замежжы зярняты чалавечнасці, дабрыні. Ён непахісны ў веры, што наладжаныя нашымі папярэднікамі літаратурныя масты, магчымасці цяперашняй інфармацыйнай прасторы, не ведаючай ніякіх геаграфічных перашкод, – усё гэта ўмела спалучаць сучаснікі, каб слыць яшчэ больш плённымі і ў творчасці, і ў маючым такую высокую пробу — сяброўстве. Ён зноўку адпраўляе ліст у Туркменістан, будучы ўпэўненым у хуткай зваротнай сувязі. Мяркуецца, што адзін са спецыяльных нумароў часопіса перакладной літаратуры “Дунья эдібіяты” (“Сусветная літаратура”) прадставіць чытачу Туркменістна беларускую літаратуру на мове Махтумкулі. Па-новаму красамоўным чакаецца працяг беларуска-туркменскага літаратурнага пабрацімства, размяняўшым другое стагоддзе …
Алена Стэльмах

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.