Детская литература,  Проза

Дуб і крумкач

Надрукавана:газета «ЛІМ» №  2014 год,

зборнік казак з серыі «Залаты куфэрак», Выдавецкі дом «Звязда» — «Як мядзведзь пчаляром стаў»

(Казка)

Як толькі крамяны маладзічок дагледзеў апошні сон, салодка пазяхнуў, пацягнуўся – у празрыстым блакіце маладога неба ўзнік сілуэт крумкача. Ён павольна апісваў круг у адным канцы вёскі, чапляў нябачную пятлю ў другім. Дык хіба гэта дзіва? У любым селішчы так званая малая авіяцыя шчыруе зранку да цямна.

На шэравата-млечным досвітку рухавік новага дня заводзіць шматгагалосы хор дробных птахаў. Каб справе надаць большы імпэт, высунуўшы са сваіх церамкоў чорныя з адлівам чапцы, ім падсвістваюць шпакі. “Шпарчэй, вышэй! Дабавіць каленцаў!”— паддаюць яны жару ў ранішні канцэрт.

Цыбаты бацян, не вытрымаўшы гвалту, што нарабіла ў гняздзе яго пражорлівая дзятва, сігануў са сваёй стартавай пляцоўкі. Курс узяў на Зінчынага балотца, дзе да агульнага ажыўлення падключыліся зыркатыя жабы, зладзіўшы хрыпатую пераклічку. Згаладалыя вераб’і шэрай хмаркай павіслі на Яськавай чарэшні. Заразжа яны яе і аблапошаць! З Якушлога падала голас заклапочаная зязюля: “Пра мяне не забудзьцеся. Я тут –ку-ку!”

Адважны пілот – лёгкакрылы жаўрук стрымгалоў кінуўся ў сінюю бездань. З зямлі ледзьве прыкметнай кропкай затрапятаў, заліўся срэбным званочкам, уславіў удалы старт людскіх мараў і надзей, якія яны звязваюць з пачаткам яшчэ аднаго стваральнага дня.

На гэты раз чужынец-крумкач зблытаў усе птушыныя планы. Не, ён нікому нічым не шкодзіў, не ўмешваўся ў кругаварот адладжанай гармоніі жыцця. Лятаў сабе і лятаў. Але разам з ранішнімі кроплямі аксамітавай расы знікла звычайная агульная весялосць. Спудзілася даходная сарока-балаболка, не ведаючы, які на гэты конт зрабіць абвест.

Гэтак жа нечакана, як і з’явіўся, крумкач знік з поля зроку. Ва ўсім наваколлі быццам спала напружанасць, павеяла палёгкай. Але ж куды падзеўся злавесны нябесны вандроўнік? Ведаючы патаемны нораў свайго суродзіча, не магла птушыная грамада пагадзіцца з тым, што зыркаў ён без аніякага намеру, проста так. Непрыемны асадак ад яго “пілатавання” павіс у паветры, прыпыніўшы імклівы ўзлёт крылатых у засмужанае неба.

* * *

Крумкач меціў прызямліцца на разгатую галіну дуба, што падзяляў вёску акурат на дзве палавіны – гару і лог. Але не разлічыў, што падсохлыя гучкі не вытрымаюць знянацку абрушанай сілы звыклага да націску заваёўніка.Крумкач спудлаваў, а таму пачаў зырка біць дужымі крыламі, бузаваць у густой кроне. Імкнучыся выблытацца, нявольнік напружваўся, каб хоць як-небудзь зачапіцца за трывалую апору. Як апошні паратунак ён пусціў у ход сваю выпрабаваную зброю – драпежніцкія кіпцюры. Ад неспадзяванкі, што здарылася з яго персонай, крумкач нарабіў шалёнага ляманту. Апамятаўся, калі ўсё ж такі замацаваўся на ніжэйшай, больш надзейнай галіне.

– Стаіш тут, ёлупень стары! Толку ад цябе,заімшэлага раскірэкі, аніякага, – няпрошаны госць пачаў з’едліва дапякаць гаспадара . Вочы яго, як куслівыя жукі, гатовы былі ўпіцца ва ўсё жывое. – Спалілі б ужо даўно ў печы, ды, мусіць, цяпла ад цябе, як ад зімовага сонца. Хто будзе час на тваё пілаванне марнаваць?

Дуб, з уласцівай яму вытрымкай, ніштавата ўсміхнуўся. За доўгія тры стагоддзі час неаднойчы пакідаў на ім свае адбіткі. Вясковы вартаўнік перанёс шмат цяжкіх пакут, стойка прымаў на свае, стаўшыя ўжо шурпатымі грудзі, усе ўдары горатканага лёсу, дзелячы і гора, і радасці з тымі, хто, як і ён, пускаў карані на гэтай зямлі. Яго шкуматалі раз’ятраныя вятры, пеклі жахлівыя маланкі. Да апошняй галінкі прабіралі сцюдзёныя дажджы, скоўвала ледзяніца. Ужо толькі таму, што перажыў усю страшэнную непагадзь, вясковы доўгажыхар мог з гонарам глядзець на ачмурэлую птушку.

А тая, увайшоўшы ў запал, не ведаючы літасці, апантана ішла ў наступленне:

– Як вы, дрэвы, нібы стаўбуны, бессэнсоўна век стаіце на адным месцы? І нікуды вам не зрушыцца! Не зведаць, што адбываецца ў свеце! Не паспрабаваць сапраўдны смак жыцця!

У пацверджанне вялікай вартасці свайго высокага палёту крумкач ганарліва залапатаў чорнымі, як смоль, крыламі.”Кр-Ура-а!!!”— сам сабе засалютаваў.

* * *

Вячысты дуб-вядун, хоць і абурыўся крумкачоваму нахабству, але прамаўчаў. З глыбіні міжволі сталі ўсплываць падзеі перажытага… Спрабуючы ахапіць у думках мінулае, ён усміхнуўся таму, як некалі тапырыў вушы, падслухоўваючы, што пра яго паходжанне казалі людзі. Хіба ж малеча помніць пра сваё з’яўленне на свет?! Дапамагаюць таму толькі чужыя вусны.

…Спярша паселішча месцілася ў іншым баку. Жылося там ладна. Вакол хапала жыўнасці ды іншых шчодрых дароў прыроды. Зайздросным такое жыццё стала ворагу. Цёмнай ноччу, калі ўсе спалі, як запалка, успыхнула хата на ўскрайку. Агонь па саламяных стрэхах пабег, быццам па ланцужку. З вар’яцкім крыкам, шалёным гойканнем у пылаючае паселішча ўварваліся ўзброеныя коннікі. Нішчылі на сваім шляху ўсё без разбору. На світанні, акрытым чорным туманом, схаваўся ў хмары заплаканы месяц. На былым чалавечым катлавішчы, дагараючы, курэла маркотнае папялішча. Хто цудам уцалеў, пачаў шукаць новага прыстанку. Выбралі для жытла месца больш зацішнае – на ўзвышшы, з аднаго боку аддзеленым бурлівай ракой, з другога – агорнутым зашчыткам цемраністага лесу.

Перш чым ладзіць жыллё, каб адзначыць абраныя пляцы, людзі сталі садзіць дрэвы. Там беластанная бярозка пяшчотна-зялёную хусцінку на плечы накінула. Тут плячысты дубок, нібы салдат, зелянковы шынэль апрануў. Пацягнуліся да сонейка стромкія клёнікі, таполі. Расплыўся па гарыстаму наваколлю дурманліва-п’янкі водар чаромхі, яго змянялі тонкія пахі рознакаляровага бэзу, бялюткага язьміну.

Так вясковая вуліца і вырысавалася. Яна, нібы вяртлявая змейка, пабегла ў свет шукаць сваю долю… Цяпер з тых першынцаў застаўся адзін пакручасты дуб.

…Вясна ў той год выдалася зацяжной. У нябеснай канцылярыі назапасілася столькі снежнага сейва, што мяцеліца не выпускала з рук свой венік яшчэ ў пачатку сакавіка. Кусаліся адзімкі. Толькі дым з комінаў, якому не было іншага выйсця, як раўнюткім слупом падпіраць неба, і падказваў, дзе схаваліся цёплыя хаты, а дзе прысыпаны лядзяныя гурбы.

А тады, як шуганула па вуліцы паводка, здавалася, бездарожжу не будзе канца. Плыло, бурліла, падскоквала, віравала ўсё: і камякі снегу; і скрыгалі лёду; і палена, што не дабралася да прыпека, выпаўшы з бярэмкі дроў на двары; і чыесьці вароты, знесеныя калядоўчыкамі на Стары Новы год; і карэмісла, якое гаспадыня абачліва кінула ля ганку…

Калі вада ўсё ж крыху спала, людзі, якім прыкрую аскоміну набілі халады, сачылі за аголеным дубам як за вестуном доўгачаканага цяпла. А спагадлівы ветрык- веснавей, вяртацца ў родны край, ніяк не спяшаўся. Старыя засмучана ківалі галовамі: “Дуб лісця не пускае. Не прыйшла яшчэ пара пшаніцу сеяць”.

Раптам нейкая невядомая сіла нібы штурханула дрэва знутры. З глыбінных нетраў зямлі вырваліся жыватворныя струменчыкі соку, дабеглі да самай вершалінкі, якая ўсю зіму марыла дакрануцца маладой лістотатай да бела-пушыстага воблачка, якое ў нябеснай сінечы вельмі паходзіла на гарэзлівага баранчыка.

На маўклівым дрэве разам выстралілі набрынялыя пупышкі і яно ўмомант ажыло, заіграла сімфонію вечнасці зялёнага жыцця. Колькі іх было потым такіх роспачна-радасных вёсен перамогі жывой прыроды над сіламі цемры і сцюжы.

Салодкім болем адгукнулася ў душы волата першая сталая вясна. Ён адчуў яе таямнічасць, калі пад яшчэ клейкаватымі разнымі лісточкамі дзе-нідзе з’явіліся невялічкія гарошынкі-бутоны. Гукі бравай песні-шуму дубовай кроны ўскалыхвалі паветра, быццам, велічны гімн пеў сам валадар. Шчасцем поўнілася сэрца.

Задзіраючы да нябёсаў кудлаты чуб, сабе не верыў: няўжо настала нарэшце пара, вартая ўсяго жыцця, – ён стане бацькам?

Бутоны зусім не мелі паху, у адрозненне ад другіх раслін, што апыляюцца насякомымі. Кветкам дуба дастаткова сяброўскага подыху ветрыка, каб у іх зарадзілася жыццё. Галінкам-весялінкам вельмі падабалася гуляць у даганялкі з мядовым свавольнікам-вятрыскам. Сам дуб прысядаў, ушыркі расстаўляў доўгія плеці-рукі, каб злавіць яго.

Прадаўгаватыя бочачкі жалудоў пачалі апранацца ў зеленаватыя панцыры ў пачатку жніўня. У верасні яны сталі больш відкімі. І толькі з надыходам лістапада, калі шапачка-плюска не вытрымала цяжару свайго жоўта-рудага гаспадара, і першы жолуд шпокнуў на зямлю, дуб асэнсаваў, што збыліся яго спадзяванні… Чуў вушасты велікан і тое, як неаднойчы людзі, пазіраючы на яго нашчадкаў, прыкмячалі: “Многа жалудоў на дубе – да халоднай зімы”. Стоена ўсміхаўся ў калматыя вусны ўслед павозкам, якія шпарка беглі ў лес па дровы…

Дзеці ад яго, дуба-бацькі, разбрыліся па ўсім свеце. Здаралася, птушкі падхоплівалі жалуды, і аднаму Богу было вядома дзе яны прыжывуцца. Нярэдка іх збіралі людзі, каб пасадзіць свой дуб-абярог.Памятаў волат, як мясцовы ляснік ужадобку пагрузіў на воз мех жалудоў, а потым недалёка ад вёскі на месцы высечанага лесу загаманіў дубовы гай…

Адно дуб ведаў дакладна: бацькоўскі абавязак ён выканаў сумленна. У семядолі жалуда заклаў шмат спажыўных рэчываў. Вось чаму жалуд так хутка прарастае.

Спярша ў яго вершалінцыпрабіваецца кволы карэнчык, які трошкі пазней паварочваецца ўніз. Маладая расліна не спяшаецца ісці ў рост. Яна надзейна ўмацоўвае карэнішча, якое ўсё глыбей пранікае ў зямлю. Дуб радаваўся: стаяць яго дужыя хлопцы на нагах моцна, ніякая пякельная сіла іх не адужае!

* * *

Прыціхлы было крумкач страпянуўся, вострай дзюбай з усяе моцы гакнуў па галіне.

Гулкае рэха аддалося ў глыбіні дубовага камля. “Праўдзіцель” гугнява крумкнуў.Так, на ўсялякі выпадак, каб добра ўцямілі, хто тут пуп зямлі. Але ўпэўненасць яго была толькі вонкававай, унутры ўсё трымцела.

– Ты, вяршыцель, ганебную набыў вядомасць. Дрэнная пра цябе ідзе пагалоска, смуродная, — цяпер ужо не змоўчыў дуб. – Кожны з нас сваю дарогу ведае, і не з тваёй бруднай дзюбай маю пуцявіну пераходзіць.

Не чакаў крумкач такой храбрасці. Яму, каралю крывавых пабоішчаў, правіцелю жудасных войнаў, нейкая рухлядзь адважылася пярэчыць? Дазволіць ён сябе судзіць?! Сцерпіць такую ганьбу?! Будзе ён, Пан-крумкач, са сваім царом і Богам у галаве, ваджацца з бязмозглай дзеравячкай?

– Быдляцкае тваё жыццё, – і лістом не дрыгануў мудры волат. – Як ты тут не дзярэшся, а і медзяка з майго ўбранства не варты. Хіба не агоркла такое быццё самому?

– Брахня! – спрабаваў трымаць годнасць ваяўнічы крумкач, але непакорны настрой вясковага асілка, ўсё ж астудзіў крыху яго пыху.

Дуб няўхільна стаяў на сваім:
–Ты да людзей ляціш і весткі ім нясеш, ад якіх яны цябе цураюцца. Ты там, дзе чалавечыя гора, бяда, пакуты. І чым болей ахвяр, тым ярчэй гараць твае вочы захопніка, распальваецца апетыт драпежніка. У абмяклым целе яшчэ цепліцца душа, а ты ненажэрна прагнеш свежай крыві. І ты гэта лічыш за шчасце, гэтым пахваляешся? Ты, скажаш, зведаў смак жыцця? І яно ў цябе было салодкім? Не тым сябе цешыш, небарака!

Развярэджаны ўспамінамі, дуб не мог суняцца, стрывожаным роем гулі яго думкі-пчолы:
– Так, я састарэў. Панікла бравая постаць, зацягнуліся смугою мае вочы, долу пахіліліся галіны. Бачыш, і ў кроне маёй ўжо жоўта-брудных пасмаў удосталь. Кракчу, як стары, што грабецца на чарыну грэцца. Але я ганаруся сваім узростам. Шчаслівы тым, што ніколі не ведаў адзіноты. І за працяглы мой век ніхто пра мяне ніводнага брыдкага слова не сказаў. Ні адна нават самая маленькая істота, а іх родніцца са мною безліч, не паскардзіцца, што я яе пакрыўдзіў. Людзі зблізку і здалёку за дабром да мяне хіліліся, адчувалі маю сардэчнасць. Мы часта заміралі ў шчырых абдымках, і я, як мог, падсілкоўваў іх сваёй энергіяй. Вунь той бок, асабліва непрывабны, – апечаны. Каб я не падставіў яго, згарэла б суседняя хата ў час нечуванай навальніцы. А тут нарост вытыркае – гэта вайна пакінула свой след. Не пашкадаваў немец патронаў цэлячыся ў партызана. Чалавек выжыў, нізка схіляў перада мною голаў – дзякаваў, што прыняў на сябе яго смяротныя кулі.
А смеху, жартаў колькі было – усіх не згадаць. Выпівоха ў маім дупле бутэлькі ад жонкі хаваў, ды на саву напароўся. Кара знізу парэпалася ад таго, што свіння не толькі сама часалася, а і парасят дакладала таму. Прагным пацалункам-цацункам вясковай моладзі і пераліку не маю. А ўжо прызнанняў у гарачым каханні наслухаўся!.. Ды і сам успамінамі пра зорныя ночкі-чараўніцы зараз душой маладзею.

Але навошта я табе ўсё гэта кажу? Што табе мая мазольная праўда? Ты ж толькі сваёю трызніш…

Дуб, захоплены ўспамінамі, летуценна ўздыхнуў. Толькі як змоўк, прыкмеціў – крумкача не стала.

* * *

Назаўтра ўся вёска ўсхвалявана гаварыла пра тое, што ноччу на полі, дзе пасвіліся прывязаныя саўгасныя бычкі, ваўкі задралі трох жывёлін. Бачылі, крумкач там мільгануў…

Алена Стэльмах
Дзяржынск-Станькава, 2014

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.