Проза

Павадыр

 казка-прытча
Гаспадарчы падворак на вачах прыходзіў у заняпад.
Той конь, што калісьці шпарка бег паперадзе вазка, цяпер нага за нагу ледзьве перастаўляў. І бізун яму не ўказчык. Сам сабе разважаў: “Чаго, як дурному, перціся, пыл глытаць? Людзей не перайначыш: цішэй едзеш, далей будзеш”. Карова-рэкардыстка запускацца пачала раней часу. Казала: “Надакучыла цягаць вымя з вёдрамі сырадою. Лепш пасяджу ў дэкрэце. А там відаць будзе”. Куры адна адну падахвочвалі – навыперадкі квакталі. Нягеглае свінчо-перабіра і тое ў карыце лычом варыва круціла. Як сала на такім кручку нарасце? Каля сядзібы – запусты, воля вольная наўкол для нахабнага гавылу.

Стаіць пануры бык у стойле, жвачку жуючы, самотную думу думае:
–  Што за трасца такая: расперазалася ўся суполка, як дзедаўская пуга? Ніякай управы на дармажэрцаў няма. Колькі ні пануквай – дзе сеў, там і злезеш. Не жыццё, а багно топкае, — не можа змірыцца бык з абрыдлым жыццём.

—Хопіць слыць кацьмакамі! “Гайкі” падкруціць усім месцічам трэба! Без разумнага павадыра тут не абысціся”, — зрабіла выснову мудрая жывёліна.
Нейкі час спрабаваў гусак верхаводзіць. Шыю доўгую, як верацяно, выцягне, дзюбатую голаў ганарліва ў неба задзярэ, распушчанымі крыламі ў паветры замалоціць. “Га-га-га!” – на ўвесь двор сіпатага страху напусціць. Бывала, нават кінецца каго-небудзь за ногі шчыпаць – няма чаго бесталку сноўдацца!
А нясушка-добразычліўка кумільгом тут як тут: “Што, пан, гоману нарабіў? Можа, галава баліць, і пан палячыць яе хоча?” Вытыркне з пушыстага падолу гарлейку паўлітэркі – самаахвотны павадыр мілосна і абмякне. Нібы па вяровачцы, за спакуслівай сяброўкай следам падыбае. За вуглом свірана гагатун чарачку –другую — коўтне, нешта загергеча і сціхамірыцца. Не зразумець: дыхае ці знежывелы? Колькі птушын мазгам тае сівушнай атруты трэба? Затое ўвесь дзень латва: падворк гужуе, развяселенае кудахтанне, заліхвацкая п’янка-гулянка куратнік па шчэпках разносіць.
Неяк гусак мазгі адпіў, улукаткі пайшоў, не зважыў куды павяло. Спярша пад колы аўтамабіля, а потым і ў суп трапіў…
Чуў бык пагалоску пра пеўня, што вясёлы і дужа спрытны. І людзі яго на вёсцы хвалілі: не заспіць, да працы гарачы.
Раніцай калаўрот вясковых спраў пачынаў круціцца па новаму кругу. Занепакоены бык надумаў на падворку арганізаваць сход. Сам узяўся быць моўнікам:
– Хопіць, браткі, лынды біць! Да парадку ўсіх заклікаю! А каб лепш наш быт наладзіць, запросім дасведчанага спецыяліста.
Запрэглі каняжыну. Упаўнаважанымі для перамоў пасадзілі ў вазок самавітую сямейную пару – барана з авечкай, блаславілі іх у дарогу.
Тыя доўга блыталіся, людзей перапытвалі, куды і як ехаць, і такі дабраліся вандроўцы да высокага церама. Гаспадарлівасць, адмысловая чысціня адразу кінулася ў вочы. Зарадаваныя ідуць з паклонам да пеўня:

 – Млосцім, шаноўны Пане, нашым павадыром быць, — нізка схіліліся, спадзеўна мовяць: – Хочам і мы гэтак жа заможна жыць!

– Добра, — згаджаецца певень. – Хаця і ў самога спраў па горла. Хутка жніво — час зерне на зіму рыхтаваць. Але разумею: не за так сабе і вы ехалі – пільная патрэба змусіла. Што ж, дапамагу!
Назаўтра крамяны маладзічок яшчэ не паспеў здаць свой пост, а певень зняблізку ўжо прыскочыў, на новым падворку рупіцца:
–“Кукарэк, кук!” – чарговы працоўны дзень вясткуе, голасна будзіць дрымлівае панства.
Тое ад такога фокусу ажно ачмурэла. Цікуе:
– Адкуль неціхоты ў глухім двары? Што за выбрыкі новапрыблы адкідвае? Будзіч знайшоўся.
А спрытняк-пеўнік па-простаму, па-сялянску сваю праўду даводзіць:
– Сонейку, каб ў неба ўзняцца і ўвесь дзень асвятляць безліч нашых спраў, для старту трэба плячо падставіць. Здужаем мы гэта ўсёй грамадой!
–Уздумаў што, крыкун гарласты, — сыкаюць месцічы, але выгляду не паказваюць, што ні ў нос ім гэта. Мурзачы з прасоння ледва з хлява сунуцца. Што ад гною смурод стаіць, поўсць у каўтуны збілася – бяды вялікай.
Рухавы Певень сам жвавіцца і чарговую ажыўчую каманду падае:
– У поле, на луг пара! Летні дзень год корміць.
Так сяк разварушыліся. Цераз пень-калоду сонца прывіталі. А ў канцы дня ляна на спачынак яго правялі.
Вечарам у кросаннях змоўніцкі шэпчуцца куры:
– Трэба Павадыра ўтаймаваць. Будзе разумнік ні свет ні зара глотку драць, нас непакоіць. Без назойлістага дбайцы абыдземся.
Рашылі ў якасці выратоўцы ўсё тую ж дасціпную сакатушку пасыльнай адправіць. Тая на досвітку не заспала, на плечы лепшую пярэстую хусцінку накінула, на моднай спадніцы пер’е начасала — прычапурылася як след і пашыбавала да Павадыра.
– Дзеньдобрыцца, шаноўнаму Пану! – інтрыгоўна павіталася з Пеўнікам. Той касу  кляпаў,  прыпыніўся, утаропіўся што кабета кажа.

— Ад новой плыні наш падворак  хутка акрыяе! – запела мёдным галаском сакатушка. – Гэты поспех трэба адзначыць! Ёсць у мяне гасцінец на траўках, — спрактыкавана мірганула вокам і ўмелым рухам прыўзняла спадніцу.
Датклівы да хітрых лісавін певень грэбень натапырыў:
– Што гэта ты, кума, надумала? Здек нада мной чыніш? Непіток я, гэта зелле і ў рот не бяру. Няхай яно на цёмны лес пойдзе!
Курыца, як варам аблітая, у разгубленасці зніякавела, цішком назад падалася, за пахілым плотам нібы ветрам яе здула.

Адважнік-певень, з уласцівым яму аптымізмам і напорыстасцю, стараўся разбудзіць соннае царства замшэлага двара. Кампанейцам яму толькі бык і быў, адзін за ўсіх рогам упіраўся. Астатнія настойліва зыркалі, як злындзіць.

Тады няўрымслівы павадыр вырашыў на бацькавіне арганізаваць свята. Спадзяваўся, можа так непаборны падворак зварушыць. А трэцяй гадзіне, калі вясковыя пеўні наладзілі першую пераклічку, перадаў праз іх абвеску пра тутэйшую сядзібу, пайшлі запросіны да ўсіх, каму мілы бацькоўскі кут.
Што тут рабілася: скакалі, беглі, ляцелі ў госці выхадцы з роднага гнязда. Пектныя каровы –паненкі казалі, што больш духмянага сена, як з луга за ваколіцай, у свеце не смакавалі. Расфуфыраныя свінні-матроны радасна рохкалі, бо жалудоў смачней чым з вясковага дуба, нідзе не хрумсталі. Балбатлівыя куры-вяртушкі нават чвыр за самыя салодкі на зямлі прысмакі ўхвалялі.
Толькі мясцоваму асяродку такі размах быў не ў дугу – маўляў, наброда павыпендрывацца хоча.

Новы дзень пачаўся наўздзіў маўкліва. Ніхто нікога нікуды не заклікаў.
Паўднём на шыкоўным аўтамабілі не з тутэйшым размахам прыехалі незнаёмцы: аддалі гаспадару сядзібы пачак грошай, шанцоўна парукаліся, уладарыста агледзелі падворак, пакруцілі галовамі…

Упірыстыя месцічы агаломшана схамянуліся: што цяперашчына будзе? ..
Алена Стэльмах

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.