Пашка і сонечны праменьчык
Казка
Апошні жнівеньскі адвячорак быццам на карунках, багата наплеценых асабліва руплівымі ў гэту пару майстрамі-павукамі, спускаў на зямлю лёгкую дрымоту. Старонка календара яшчэ ўпарта трымалася за любае лета, але наваколле ўжо дыхала густым настоем вераснёўскага ранку.
Урачыстасці развітальнай самоце са спелым жніўнем надаваў ярка-чырвоны захад сонца. Пунцовыя стрэлы расквечвалі шырокі небасхіл, ніяк не давалі чараўніцы-Ночы стаць паўнапраўнай гаспадыняй зямных абшараў.
– Дзеці, цішэй, – ушчувала маці-Сонейка сваіх праменьчыкаў-свавольнікаў. – Хопіць дурэць! Хіба за дзень не нагойсаліся?!
Але ў строгіх матуліных словах адчуваліся пяшчота і любоў. Мацярынскае сэрца поўнілася радасцю ад таго, што ўся сонечная сямейка сабралася разам у іх прасторным Неба-доме. Сама, каб перадыхнуць, нават да белакрылай хмаркі не прытулілася, рупілася для яшчэ аднаго стваральнага дня на Зямлі. Усё жывое цягнулася да яе цяпла, мацавала сілы і — расло, рухалася, квітнела… Але якой бы агністай Зоркай ні была маці-Сонца, без дапамогі ўвішных дзетак-праменьчыкаў ёй не ўправіцца. Цікаўныя і дасціпныя, яны водзяць вялікае сяброўства на зямлі.
– З-за вашых даганялак вунь і срэбны Маладзічок узысці не можа, і дружкі-зорачкі затужылі, што іх зіхатлівага бляску не відно. Каму кажу, пара класціся!
Каб даць рады, маці мусіла перайсці на больш патрабавальны тон, і мела для таго яшчэ адну не менш важную нагоду:
– Дзень у нас з вамі заўтра надзвычай важны. Першага верасня ўся дзятва адправіцца ў вялікае падарожжа па Краіне ведаў. Наша прызначэнне – дарыць сонечны настрой. Гэта – вялікая адказнасць. Адпачывайце, набірайцеся сіл, мае непаседы! Нясіце ў снах сваім сябрам самыя светлыя і шчаслівыя мары, — пажадала старэйшым маці-Сонейка і ўзялася закалыхваць меньшых праменьчыкаў, зіркатлівых сонечных зайчыкаў.
…Стромкія хвойкі яшчэ даглядалі свае казачныя сны, а з-за іх цямністых вершалін ужо паволі выплывала ружовая Зараніца вітаючы залатое Сонейка. Рухавы Ветрык патупаў ля ракі, улегцы прабегся па дрымотным лесе. Яго мяккія, але добра знаёмыя крокі ўчулі лясныя насельнікі, схамянуліся, заварушыліся, узяліся настройваць галасы на ранішні канцэрт.
– Уставайце, любыя дзеткі! Пазніцца на Зямлю ніяк нельга, – калыхнула сонныя калыскі маці.
Праганяючы цемру, заструменілі на зямлю дбайныя праменьчыкі бліскуча-радаснага святла. Іх ззяючыя стрэлы прабіваліся праз барадаты світальны туман, мільярдамі дыяментаў успыхваючы на самых драбнюткіх кропельках расы, што рассыпаліся на калючых хваінках, жылкаватых лісціках, мурожнай траве. Нарадзіўся новы гаманкі дзень, поўны планаў, адкрыццяў, здзясненняў…
***
…Стрэлкі гадзінніка то раз-пораз кідалі позіркі ў бок ложка, дзе салодка спаў першакласнік Пашка, то са здзіўленнем паглядалі ў акенца, адкуль звычайна выскокваў праменьчык. Кладучыся спаць, хлопчык даваў цвёрдае слова: будзе ўставаць, калі раніцой яго зіхоткі сябар асвеціць малую стрэлку на лічбе сем , а вялікую – на дванаццаці. Пашку не цярпелася хутчэй ускінуць на плечы новенькі ранец і прайсціся з ім ля задавакі- суседкі Машкі. Было прынцыпова важна, каб тая ўсвядоміла, што ён, Павел Кавалёў, ужо “бальшак”, а не садаўская малеча, як яна.
Сёння ён упершыню будзе з гонарам стаяць на школьнай лінейцы. Залівісты званок абвесціць аб пачатку новага навучальнага года. Потым настаўніца Ганна Міхайлаўна павядзе шумных пачаткоўцаў у клас, пасадзіць за парты і распавядзе на першым у жыцці ўроку пра самае роднае: мову, маці, Радзіму.
Стрэлкі паспрабавалі запаволіць свой бег, але строгі позірк таты-гадзінніка не дазволіў паслабіцца. Мудры механізм за сваё жыццё ні разу не спыніўся, заўсёды паказваў праўдзівы час, нават калі некаму гэта было не зусім прыемна.
Школьны касцюм па просьбе бацькоў, якія хацелі парадавацца, як іх сын вырас і пасур’ёзнеў, хлопчык прымяраў некалькі разоў.
Зараз і адпрасаваная форма, і бялюткая кашуля збянтэжана паглядалі з вешалкі. Ад суму нават пекная астра ў шыкоўным букеце, падрыхтаваным да лінейкі, панікла галавой.
***
Сонечнае святло залівала вуліцы гарадоў і сёл. Верасень у школьнай форме ўрачыста крочыў па краіне.
Як раптам Маці-Сонейка азірнуўшыся ўгледзела праменьчыка, які з асалодай пацягваўся ў ложку.
– Ты чаму лындуеш? – абурылася Свяціла. – Уся наша радня з самага рання шчыруе, не ведаючы стомы, а ты, летуценнік, ніяк не прачнешся! Нехта там, на Зямлі, без твайго жыватворнага святла не паспее ў школу. Гультайства, сынок, – пачатак усіх бедаў!
Брыдка стала ленаватму братку-праменьчыку, і ён горка заплакаў. Яго шчымлівыя слёзкі падхапіла жвавая хмарка і спорным дожджыкам-грыбасеем сыпанула на коўдрачку.
– Слязамі няшчасце не адгоніш, – працягвала павучаць небараку маці. – Хутчэй імчы туды, дзе ў табе маюць патрэбу. Ведай: лепш самому быць пакрыўджаным, чым каго іншага засмуціць.
***
Праменьчык такім гарачым, здаецца, яшчэ ніколі не быў. Ён стрымгалоў кінуўся ўніз, пранік у пакой, агеньчыкам-званочкам заскакаў па падушцы, вінавата зірнуў на гадзіннік. Той толькі паціснуў плячыма…
Пашка расплюшчыўшы вочы, убачыў запытальны погляд гадзінніка і зразумеў: узяць верх над Машкай часу не стае.
Якраз у гэты момант у пакой зазірнула маці:
– Першакласнік, – упершыню так звярнулася да сына, – трэба рупіцца! Ужо і гадзіннік непакоіцца за цябе.
Праменьчык стараўся дапамагчы, увішна скакаў вакол хлопчыка. Той сабраўся сапраўды па-даросламу хутка.
У поўным сонечнага святла двары, як на тое, стаяла фасоністая Машка. Працягваючы Пашу цукерку, сказала: “Віншую!” Было відавочна, што яна прызнала перавагу суседа. Калі б не ў школу, расчулены Пашка абавязкова падарыў бы кветкі дзяўчынцы. Між іншым, і астра, з таго самага букета, ганарліва ўзняла сваю пушыстую галоўку і запунсавела, калі ёй какетліва падміргнуў праменьчык.
Увечары сям’я абмяркоўвала падзею за святочным сталом. Пашка, як і належыць віноўніку ўрачыстасці, сядзеў на куце, паважна расказваў пра аднакласнікаў, пра першы ўрок. Бацька разразаў яблычны пірог, маці разлівала духмяную гарбату, а бабуля з дзядулем з цікавасцю разглядалі маляўнічую кнігу, якую падарылі Паўліку ў школе, пра яго родную краіну – Беларусь.
Свяціліся акенцы-агняцветы і ў высокім нябесным палацы: вясёлыя праменьчыкі-лепетуны навыперадкі распавядалі пра радасць чаканай сустрэчы ў школе з сябрамі. Толькі адзін з братоў вінаватава паглядаў у бок маці. Тая спачувальна прытуліла малога да сябе і з мацярынскай мудрасцю сказала:
– Заслугоўвае павагі той, хто мае мужнасць прызнаць сваю памылку і здолее яе выправіць. Няхай табе, сынок, гэта стане ўрокам.
Алена Стэльмах