Парк Пісьменнікаў пасаджаны побач з Нацыянальнай бібліятэкай
Парк Пісьменнікаў, пасаджаны побач з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, стаў яшчэ адной знакавай падзеяй у гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Ініцыятарам стварэння парку Пісьменнікаў ў гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання стаў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Раніцай 2 лістапада на тэрыторыі каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася пасадка дрэў, у якой прынялі ўдзел пісьменнікі і паэты — сябры СПБ, а таксама тыя, хто беражэ і прымнажае лепшыя традыцыі беларускай літаратуры, лічыць кнігу непераўзыдзенай каштоўнасцю — бібліятэкары, работнікі музеяў і выдавецтваў.
Сваё дрэва кожны высаджваў з любоўю. Пісьменнікам і іх гасцям дапамаглі работнікі Мінскзелянбуда. Парк Пісьменнікаў упрыгожылі дуб, рабіна, ясень, клён, хвоя. А маладзенькія яблынькі было даверана высадзіць маладым літаратарам.
Пазней на пляцоўцы, дзе раскінуўся новы парк, плануецца ўстанавіць памятны камень.